Дом Шадхана — будынак у Мінску, які месціцца ў Верхнім Горадзе, па адрасе вул. Герцэна, 2 (гістарычная Малая Бернардзінская). Складае адзіны комплекс з домам № 1 (ліцер Б2/К, В2/К) па Музычным завулку і домам № 2а 1-й паловы XIX ст. па вул. Герцэна. Пабудаваны на рубяжы ХIХ—ХХ стагоддзяў з цэглы.
== Гісторыя ==
У сярэдзіне XIX стагоддзя пляц належаў дваранцы Адэлаідзе Шаблоўскай. Яна мела невялікі аднапавярховы драўляны дом, які выходзіў на вуліцу Бернардзінскую.
У архіўных дакументах гэты будынак згадваецца як вельмі стары. Акрамя таго, на тэрыторыі пляца знаходзіўся двухпавярховы мураваны жылы дом з гаспадарчымі памяшканнямі на першым паверсе. Гэты мураваны будынак быў пазначаны на шэрагу планаў Мінска пачатку XIX стагоддзя. У 1880-х гадах уладальнікам гэтага пляца стаў Аляксандр Смольскі, які валодаў ім да канца XIX стагоддзя. У пачатку XX стагоддзя нашчадкі Аляксандра Смольскага прадалі свой зямельны пляц разам з забудовай, у тым ліку са старым драўляным домам, які выходзіў на Малую Манастырскую вуліцу (сучасная Герцэна), а таксама двума мураванымі флігелямі купцу 2-й гільдыі Міхелю Шадхану, які адначасова стаў ўладальнікам суседніх будынкаў.
На месцы невялікага аднапавярховага драўлянага дома Шаблоўскай Шадхан пабудаваў вялікі 3-х павярховы мураваны будынак, галоўны фасад якога быў не атынкаваны і выкананы з чырвонай цэглы.
== Архітэктура ==
Высокі трохпавярховы чатырохвугольны ў плане будынак пакрыты пакатым двухсхільным вальмавым дахам. Плоскасць сцяны члянёна па гарызанталі карнізнымі паясамі, лучковымі аконнымі праёмамі, дэкараванымі ліштвамі з замковым каменем. На 2-м паверсе, у прасценках паміж вокнамі, плоскасці руставаныя. Пад дахам праходзіць масіўны шматслойны карніз. Будынак — прыклад так званай «цаглянай» бесстылявой архітэктуры.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.