
Дом Вендарфа — будынак у Мінску, размешчаны ў квартале, які прымыкае да Верхняга Горада, па адрасе вуліца Рэвалюцыйная, 10. Пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Помнік архітэктуры класіцызму.
== Гісторыя ==
Мураваны будынак на гэтым пляцы быў пабудаваны ў пачатку XIX стагоддзя. Вузкі, працяглы ў бок двара, двухпавярховы жылы дом, з высокім цокальным паверхам, тарцовым фасадам выходзіў на Койданаўскую вуліцу.
Пры яго будаўніцтве былі выкарыстаны падвальныя памяшканні, перакрытыя скляпеннямі, якія засталіся ад будынка XVIII стагоддзя. Канчаткова яго архітэктурны выгляд сфарміраваўся да сярэдзіны XIX стагоддзя.
Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад быў падзелены на два ярусы плоскай цягай і завершаны вялікім трохвугольным франтонам з паўцыркульным акном у тымпане. Франтон быў аддзелены ад сцяны прафіляваным карнізам з сухарыкамі. Вуглы будынка былі аформлены плоскімі лапаткамі, якія на першым паверсе былі апрацаваны рустам. Рытм фасадаў ствараўся сеткай прамавугольных аконных праёмаў. Вокны другога паверха былі аформлены плоскімі ліштвамі з замковым камнем. Збоку вуліцы былі зроблены ўваходы ў цокальны паверх. У двары сфарміраваўся комплекс мураваных гаспадарчых пабудоў.
Гэты будынак пацярпеў падчас вялікага пажару 1881 года. Пасля пажару уладальнік дваранін Адольф Вендарф звярнуўся ў Мінскую гарадскую ўправу з праектам на яго аднаўленне, паводле якога планавалася цалкам захаваць архітэктурны выгляд будынка, які ён меў да пажару. Пасля гэтага рамонту ў другой палове XIX — пачатку XX стагоддзяў вялікіх змен у архітэктуры дома Вендарфа не адбылося.
Паводле інвентарызацыі 1910 года ў доме Вендарфа ў цокальным паверсе знаходзілася слясарная майстэрня і завод сельтэрскай вады, а таксама склад фруктаў, акрамя таго, тут яшчэ была мануфактурная крама і пераплётная майстэрня, астатнія памяшканні выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры.
Пасля 1920 года былы дом Вендарфа нацыяналізаваны, асноўныя яго памяшканні былі перароблены пад камунальныя кватэры. У гады Другой сусветнай вайны не пацярпеў.
У выніку шматлікіх пасляваенных рамонтаў на галоўным фасадзе будынка часткова страчаны архітэктурны дэкор. У другой палове XX стагоддзя ў былым доме Вендарфа знаходзіліся розныя ўстановы.
== Архітэктура ==
Двухпавярховая пабудова, чатырохвугольная ў плане, асноўны аб’ём падоўжаны ў глыбіню двара і накрыты двухсхільным дахам. Акцэнтам тарцовага галоўнага фасада, які выходзіць на вуліцу, з’яўляецца трохвугольны франтон з сухарыкамі, у тымпане якога прарэзана паўкруглае акно. Пад франтонам праходзіць шматслойны карніз з поясам сухарыкаў. Па баках утвораны лапаткі, руставаныя па 1-м паверсе. Аконныя праёмы прамавугольныя, без ліштваў. Дваровыя фасады будынка вырашаны плоскасна, пазбаўлены аздобы.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
271. Забудова вуліцы Рэвалюцыйнай // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.