Шыфр : 612Г000404
Архітэктурны стыль : беларускае народнае дойлідства
Датаванне : пачатак ХХ стагоддзя
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Дом_з_вуліцы_Вызвалення,_4

Дом з вуліцы Вызвалення, 4 — жылы дом пачатку XX стагоддзя з вул. Вызвалення ў Мінску з’яўляецца помнікам драўлянай архітэктуры Ракаўскага прадмесця. Перанесены ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту ў в. Азярцо.

Гісторыя

Гісторыя помніка сведчыць, што ў ім адлюстраваны не толькі рысы драўлянага дойлідства, характэрныя для былой вул. Уваскрасенскай, але і характэрныя асаблівасці забудовы прадмесцяў XIX — пачатку XX ст. Натурнае даследаванне помніка было выканана ў 1985 г. у сувязі з разборкай дома і перавозам яго ў музей. Даследаванні паказалі, што веранда прыбудавана пазней, у 1960 г. Планіроўка дома захавалася.
Паводле адміністрацыйна-паліцэйскага падзелу Мінска другой паловы XIX — пачатку XX ст., участак, на якім быў узведзены дом, знаходзіўся ў 630-м квартале пад № 3 у другой частцы горада. У той час пляц з забудовай належаў Лейбу Гіршавічу Куперу. Акрамя жылога дома на пляцы існавалі хлеў, лядоўня. Плошча пляца складала 121,5 кв. саж.

Паводле дакумента, дом пабудаваны каля 1906—1907 гг. Меў памеры 18х10х5,8 аршын, крыты гонтай. Праект на будаўніцтва жылога дома быў зацверджаны ў 1895 г. Акрамя дома на пляцы меркавалася пабудаваць яшчэ драўляны флігель. Па праекце дом складаўся з дзвюх жылых чатырохпакаёвых кватэр. Уваходы былі з боку двара праз блакіраваную веранду і кухню. У працэсе будаўніцтва адбыліся нязначныя адхіленні ад праекта.

Аналіз планаў пабудовы за 1895, 1948 і 1984 гг. сведчыць, што за перыяд існавання планіровачная структура не мела значных пераробак.

Архітэктура

Сцены рублены ў чысты вугал з зашыўкай дэкаратыўнымі накладкамі і карнізам. Бярвёны абчасаныя на два канты. Пастаўлены на бутабетонны падмурак. Капітальнай сцяной падзелены на дзве часткі. Падлога двайная на лагах. Столь таксама двухслойная. Дах кроквенны, апошнім часам быў накрыты дранкай. Галоўны фасад падзелены прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў ліштвах з прапіленым і вытачаным дэкорам, з філянговымі аканіцамі. На дваровым фасадзе зроблена веранда з ганкам.

Літаратура

Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.

Шыфр : 612Г000404
Архітэктурны стыль : беларускае народнае дойлідства
Датаванне : пачатак ХХ стагоддзя
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Дом_з_вуліцы_Вызвалення,_4
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты