Дзяржаўны ўніверсальны магазін (ДУМ) — універсальны магазін у Мінску, размешчаны па адрасе пр. Незалежнасці, 21. Пабудаваны ў 1951 г. (арх. Л. Мілегі, Р. Гегарт).
== Архітэктура ==
У аснове кампактнага Г-падобнага ў плане чатырохпавярховага будынка жалезабетонны каркас. На сіметрычна вырашаным фасадзе, арыентаваным на пр-т Незалежнасці, на першым паверсе вылучаныя тры арачныя праёмы, якія ўтвараюць парадны ўваход. Для дойлідска-мастацкага аблічча характэрна наяўнасць вялікіх зашклёных праёмаў розных памераў, а таксама складанага дэкору — шматлікіх франтончыкаў, ліштваў, уставак, геральдычных паяскоў, прафіляваных цяг, маёлікавых дэталей, парапета. Дэкаратыўныя элементы класічнай спадчыны (ляпныя дэталі, вітражы і інш.) шырока выкарыстаныя і ў інтэр’ерах.
На 1—3-м паверхах размяшчаюцца гандлёвыя залы, злучаныя паміж сабой цэнтральнай трохмаршавай параднай і дзвюма бакавымі лесвіцамі, на чацвёртым і ў сутарэннях — складскія і іншыя службовыя памяшканні.
== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мінск: Беларус. энцыкл., 1993.— 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.