
Фальварак Ракуцёўшчына — былая сядзіба шляхціца В. Лычкоўскага на паўднёвай ускраіне вёскі Ракуцёўшчына (Маладзечанскі раён). У сядзібе размяшчаецца музей, прысвечаны Максіму Багдановічу. З’яўляецца філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.
== Гісторыя ==
Летам 1911 г. у сядзібе гасцяваў беларускі паэт М. Багдановіч. «Страніца лепшая ў штодзённіку жыцця!» — так назваў паэт гэты час. Тут ён напісаў два цыклы вершаў: «Старая Беларусь» і «Места» (усяго 17 вершаў) і дзве паэмы «Ў вёсцы» і «Вераніка».
Музеіфікацыя ракуцёўшчынскіх месцаў пачалася ў 70-х гг. XX стагоддзя. У 1977 г. у в. Ракуцёўшчына на ўспамін аб знаходжанні там паэта пастаўлены два помнікі-валуны: адзін як вечная свечка памяці, на другім — выбіты радкі з «Санэта» М. Багдановіча. У 1981 г. у вёсцы каля помніка вядомымі беларускімі пісьменнікамі пасаджаны мемарыяльны «Максімаў сад» (70 дрэў).
У 1994 г. тут створаны філіял музея Максіма Багдановіча «Фальварак Ракуцёўшчына».
У 2014 г. у выніку рэарганізацыі музей стаў філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.
== Сядзіба ==
“Фальварак Ракуцёўшчына” ўключае ў сябе: сядзібу Лычкоўскіх (Дом гаспадара, Дом арандатара, гаспадарчую пабудову гумно), тэрыторыю вакол сядзібы, крыніцу Максіма, помнік і пісьменніцкі парк.
Музейны комплекс узнавіў планіроўку сядзібы дробнапамеснага шляхціца канца 19-пач. 20 ст. з усімі пабудовамі і агароджай уяўляе замкнёны прамавугольнік прыкладна 50Х50 метраў.
== Экспазіцыя музея ==
Пры стварэнні музея зроблена спроба паказаць жыццё небагатай шляхты ў пач. ХХ ст.
=== Дамок арандатара ===
У першую чаргу быў адноўлены “дамок арандатара”, дзе жыў М.Багдановіч асобна ад гаспадароў фальварка. У гэтым дамку, як сцвярджаў сам паэт, вельмі добра пісалася. Паколькі да гэтага часу не выяўлена ніводнага прадмета, звязанага з паездкай Багдановіча ў 1911 годзе на Беларусь, у інтэр’еры двух пакояў “дамка арандатара” былі выкарыстаны прадметы побыту ХХ ст., якія знойдзены ў фальварку і навакольных мясцінах: драўляны ложак, стол. На ім размешчаны кнігі французскіх аўтараў, якімі захапляўся М.Багдановіч (П.Верлен, Г.Флабэр, Ш.Бадлер). Над сталом лунае птушка з саломкі, як сімвал паэтычнага натхнення.
Цэнтральнае месца займае фотаздымак дзевятнаццацігадовага Максіма Багдановіча, побач − яго адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў “Вянок” (1913 г.), фотаздымкі сяброў Антона і Івана Луцкевічаў, В.Ластоўскага, паштоўкі з выявамі Вільні.
=== Дом гаспадара ===
У Доме гаспадара ўзноўлены інтэр’еры гасцёўні, кухні, створаны дзіцячы пакой. Самая вялікая частка экспазіцыі размясцілася ў гасцёўні. Рэканструкцыя інтэр’ера гэтага пакоя суправаджалася стварэннем некалькі рамантызаванай атмасферы, на якую звяртала ўвагу ў сваіх успамінах Я.Шабуня. Менавіта тут маладога паэта сустракалі гаспадары з беларускай гасціннасцю і шчырасцю, былі яго суразмоўцамі і дарадцамі.
Для стварэння адпаведнага настрою і адлюстравання тагачаснага жыцця шляхціца выкарыстаны кнігі і газеты, якія падкрэсліваюць адукаванасць гаспадара, яго актыўную жыццёвую пазіцыю, цікаўнасць да гісторыі і літаратуры. Асаблівую ўтульнасць пакою надае вялікі круглы стол, які займае цэнтральнае месца і сервіраваны для гарбаты. Экспануюцца фотазды