Шыфр : 411Г000403
Архітэктурны стыль : сармацкае барока
Датаванне :  1719—1726 
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Фарны_касцёл_Праабражэння_Гасподняга_(Навагрудак)

Навагрудскі фарны (парафіяльны) касцёл Праабражэння Гасподняга — каталіцкі храм у Навагрудку, размешчаны з усходняга боку ля падэшвы Замкавай гары па вул. 1 Мая. Пабудаваны Вітаўтам у гатычным стылі ў канцы XIV стагоддзя, перабудаваны ў стылі сармацкага барока ў пачатку XVIII стагоддзя. Да нашых дзён захаваліся тры гатычныя бессістэмна скампанаваныя капліцы розных памераў і формаў (першая палова XVII стагоддзя) з нярвюрным скляпеннем і каляровымі вітражамі. Кантаваныя алтарныя часткі капліц арыентаваны ў розныя бакі і прысвечаны розным святым (храм першапачаткова закладваўся ў гонар Усіх Святых), што, магчыма, з’яўляецца рэмінісцэнцыяй паганства. У храме знаходзіцца шанаваны цудатворны абраз Маці Божай Навагрудскай у каталіцкай рэдакцыі.

Гісторыя

Паводле падання, касцёл быў пабудаваны ў 1395 г. па фундацыі Вітаўта на месцы колішняга язычніцкага капішча. Першапачаткова касцёл быў асвячоны ў імя Усіх Святых[1].

У гатычным касцёле ў 1422 г. былі павянчаны польскі кароль Уладзіслаў Ягайла і Соф’я Гальшанская[1].

Мемарыяльная пліта ў памяць аб загінулых у баі з туркамі пад Хацінам

У 1643 г. па загаду новагародскага кашталяна Яна Рудаміны-Дусяцкага ў паўночную сцяну капліцы Божага Цела ўмуравана мемарыяльная пліта ў памяць аб браце і паплечніках, якія загінулі ў баі з туркамі пад Хацінам у 1621 г[1].

14 ліпеня 1714 года каад’ютарам віленскага біскупа Мацеем Анцутам быў асвечаны краевугольны камень новага мураванага касцёла. Будаўніцтва вялося ў 17191726 гг.[1]. Вядома, што святыню ўзводзілі мясцовыя будаўнікі-муляры: Якуб Бокша, Юрый Урлоўскі, Андрэй Шарэцкі, Юрый Стапкоўскі[2].

У 1723 годзе касцёл асвечаны пад тытулам Божага Цела. Уяўляў сабой аднанефавую базіліку з паўкруглай апсідай і дзвюма вежамі на галоўным фасадзе. У кампазіцыю касцёла былі ўключаны дзве гранёныя капліцы ранейшага гатычнага касцёла XIVXV стст[1]. У 1776 г. біскуп Жулкоўскі асвячае касцёл у гонар Праабражэння Гасподняга.

Мармуровая дошка ў гонар хрышчэння Адама Міцкевіча

У гэтым храме 12 лютага 1799 г. быў ахрышчаны сын Барбары і Мікалая Міцкевічаў, які атрымаў імя Адам. З гэтай нагоды ў 1920-я гг. на сцяне касцёла, злева ад уваходу, усталявана невялікая мармуровая дошка.

Навагрудскі замак і касцёл Праабражэння Гасподняга на малюнку Н. Орды. 1876

У 1857 годзе храм быў зачынены царскімі ўладамі[2]. Паводле інвентара 1867 г., быў крыты гонтай. У касцёле налічваліся галоўны алтар, два бакавыя і два ў капліцах. Падлога была цагляная, пад ёй два вялікія скляпы. Усіх акон налічвалася сем і па два ў капліцах. З левага боку ад прастола была рызніца на адно акно[1].

Касцёл у пач. XX ст.

Храм вернуты каталікам у 1906 годзе. Аднаўленне зруйнаванай святыні пачалося толькі ў 1921 г. У 1922 г. біскуп Зыгмунт Лазінскі на Дзень Усіх Святых нанава асвяціў касцёл[2]. Парафія афіцыйна адрадзілася ў 1929 годзе, а святыня была аддадзена пад апеку сясцёр назарэтанак.

У 1920-я гады на сцяне старадаўняга гатычнага касцёла, уключанага ў сучасны храм у выглядзе капліцы, умуравалі табліцу на памяць аб вянчанні ў 1422 г. караля і вялікага князя Ягайлы з князёўнай Соф’яй Гальшанскай.

"  

W TEJ ŚWIĄTYNI 1422 ROKU
WŁADYSŁAW JAGIEŁŁO KRÓL POLSKI
WIELKI KSIĄŻĘ LITEWSKI ZAWARŁ ZWIĄZEK MAŁŻEŃSKI
Z ZOFIĄ KSIĘŻNICZKĄ HOLSZAŃSKĄ PRZYSZŁĄ MATKĄ
KRÓLÓW POLSKICH WŁADYSŁAWA WARNEŃCZYKA
I KAZIMIERZA JAGIELLOŃCZYKA
KRÓL KAZIMIERZ JAGIELLOŃCZYK BYŁ
OJCEM ŚW. KAZIMIERZA I KRÓLÓW POLSKICH JANA
OLBRACHTA, ALEKSANDRA ZYGMUNTA I ORAZ
WŁADYSŁAWA KRÓLA WĘGIER I CZECH I FRYDERYKA
KARDYNAŁA KOŚCIOŁA RZYMSKIEGO PRYMASA POLSKI
DZIADEM ZAŚ ZYGMUNTA AUGUSTA, OSTATNIEGO Z
DYNASTII JAGIELLONÓW
KTÓRZY NA NAJWYŻSZE SZCZYTY POTĘGI I CHWAŁY WZNIEŚLI
KRÓLESTWO POLSKIE I WIELKIE KSIĘSTWO LITEWSKIE

 

"

Месца пахавання навагрудскіх пакутніц у касцёле

1 жніўня 1943 года гестапаўцамі былі пакараны смерцю 11 сясцёр-назарэтанак (навагрудскіх пакутніц), чыя магіла праіснавала побач з касцёлам да 1991 года. Зараз мошчы прылічаных Святым Прастолам у 2000 годзе да бласлаўлёных сясцёр пахаваны ў храме, а на месцы іх пахавання побач з храмам устаноўлена стэла.

Архітэктура

Гатычныя капліцы

Храм аднанефавы, з дзвюхвежавым галоўным фасадам і паўкруглай алтарнай апсідай, да якой з паўночнага боку прылягае сакрысція. У кампазіцыю будынку ўключаны две старажытныя гранёныя капліцы ранейшага касцёла. Каб зрабіць іх непрыкметнымі з боку ўваходу, сцяна галоўнага фасада і вежы ссунутыя адносна падоўжанай восі будынку, што надае яму замаскіраваную асіметрычную кампазіцыю. Сцены па перыметры завершаныя адзінай цягай карніза, якая падзяляе галоўны фасад на высокую ніжнюю частку і трохвугольны атыкавы франтон паміж чацверыковымі вежамі, накрытымі пакатымі шатрамі. Аконныя праёмы і нішы маюць паўцыркульныя арачныя завяршэнні.

Інтэр’ер

Інтэр’ер перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі. Над уваходам размешчаныя фігурныя ў плане хоры. У капліцах захаваліся гатычныя зорчатыя нервюрныя скляпенні, вітражы. У капліцы Божага Цела ў паўночнай сцяне ўмураваная мемарыяльная пліта (чорны мармурпясчанік, 275х150 см), заказаная ў 1643 г. кашталянам Янам Рудамінам у памяць аб браце і суседзях, якія загінулі ў баі з туркамі пад Хоцінам у 1621 г.

Арханёл Міхал. XIХ стагоддзе

У 1780-я гады Францішак Смуглевіч намаляваў для галоўнага алтара касцёла патранальны абраз Перамянення Пана, сёння на гэтым месцы знаходзіцца абраз мастака Болтуця, намаляваны ў 1939 годзе як копія знакамітай ватыканскай стацыі Рафаэля. Левы бакавы алтар прысвечаны св. Юзафу, а правы — св. Тэрэзы.

Побач з касцёлам знаходзіцца памятны камень у гонар адзінаццаці сясцёр назарэтанак, забітых гітлераўцамі 1 жніўня 1943 года. Саркафаг з астанкамі бласлаўлёных сясцёр знаходзіцца ў бакавой капліцы касцёла.

Пад касцёлам знаходзяцца тры крыпты: адна пад прэзбітэрыем з уваходам з апсіднага фасада і дзве пад абедзвюма капліцамі.

Зноскі

Літаратура

  • Варавва А. Г. Новогрудский район. Край замков, рыцарей и поэтов / ред. Н. А. Плыткевич. — Мн.: РИФТУР, 2008. — С. 8. — 40 с. — (Жемчужины Беларуси). — 3 000 экз. — ISBN 978-985-6700-73-9.
  • Габрусь Т. В. Духоўныя абаронцы айчыны. — Наша вера. — 2001. — С. 3 (17).
  • Габрусь Т. В. Саборы помняць усё: готыка i рэнесанс у сакральным дойлiдстве Беларусi. — Мн.: Беларусь, 2007. — С. 28. — 167 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-01-0714-5.
  • Навагру́дскі фа́рны касцёл // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.БелЭн, 1995. — С. 510—511. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Шыфр : 411Г000403
Архітэктурны стыль : сармацкае барока
Датаванне :  1719—1726 
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Фарны_касцёл_Праабражэння_Гасподняга_(Навагрудак)
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты