Шыфр : 412Г000064
Датаванне : ХVI–ХVII стагоддзі, ХVIII–ХХ стагоддзі
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Гальшанскі_замак

Гальшанскі замак — палацава-замкавы комплекс, рэзідэнцыя магнацкага роду Сапегаў у XVI—XVII стагоддзях. Размешчаны ў даліне ракі Гальшанкі (у ніжнім цячэнні Альшанка, гістарычныя назвы Луста, Жыгянка, Вішнеўка) каля мястэчка Гальшаны.

== Гісторыя ==
Паселішча Гальшаны з драўляным замкам, вядомае па летапісах з ХIIІ стагоддзя, узнікла на высокай самароднай гары над ракой Карабель, на паўночны ўсход ад мястэчка Гальшаны. Князі Гальшанскія валодалі замкам да 1525 года, потым, пасля шлюбу князёўны Алены Гальшанскай з Паўлам Сапегам, перайшоў да Сапегаў. Пры Сапегу рэзідэнцыю перанеслі на бераг Гальшанкі.
Гальшанскі мураваны замак, узведзены ў першай палове ХVII стагоддзя, — наглядная ілюстрацыя тых значных змен у архітэктуры, якія адбыліся на працягу стагоддзя. Сваёй кампазіцыяй ён аддалена нагадвае Мірскі замак і ўяўляе сабой прамавугольны (88,6 х 95,6 м) замкнуты будынак. Жылыя карпусы з вежамі на вуглах утвараюць замкнёны квадратны двор. Аднак магутныя абарончыя сцены, характэрныя для замкавага будаўніцтва ХVІ ст., у Гальшанах саступілі месца фасаду жылога дома. Тут ужо няма надбрамнай вежы, а шасцікантовыя вежы сталі меншыя і больш стройныя. У іх размяшчаліся жылыя і гаспадарчыя памяшканні. Вежы яшчэ канчаткова не страцілі свайго абарончага значэння, аднак аснова абароны Гальшанскага замка перамясцілася ўжо на земляныя магутныя валы і вадзяныя равы, што абкружалі замак.
Уязная брама размяшчалася па цэнтры паўночна-ўсходняга фасаду, які з гэтага боку вызначаецца манументальнай прастатой. Арачны партал абрамляўся архівольтам. Сцены замка мелі фігурную муроўку з лепкай, былі расчлянёны вялікімі вокнамі. На ўзроўні другога паверха паўночна-ўсходняга корпуса з боку двара праходзіла адкрытая галерэя. Пад замкам размяшчаліся вялікія скляпы. Інтэр’еры былі багата аздоблены. Сцены ўпрыгожаны жывапісам. Значную дэкаратыўную ролю адыгрывалі кафляныя печы, стукавая лепка па столі і камінах, а таксама падлога з керамічных тэракотавых, паліваных зялёных і карычневых крыжа-, зоркападобных, прамавугольных і квадратных плітак. У замку была праведзена ўнікальная сістэма ацяплення, водаправод і каналізацыя.
Багацця Сапегі хапіла нават на тры штучныя возеры, дно якіх выкладзена пліткай. Сапегі сабралі ўнікальную бібліятэку, калекцыю карцін і зброі. Насупраць замкавай брамы, на процілеглым баку падворка знаходзілася невялікая каплічка, убудаваная ў жылы корпус.

Кампазіцыя вонкавага фасада Гальшанскага замка нагадвае адначасныя галандскія замкі Батэстэйн(гал.) бел. і Клейдал(гал.) бел. пад Антверпенам. Такое падабенства тлумачыцца тым, што Беларусь адчувала моцны ўплыў галандска-фламандскай архітэктуры, які быў вынікам ажыўленых культурных і гандлёвых сувязей з краінамі Заходняй Еўропы. З канца ХVІ і да пачатку ХVIIІ стагоддзя на землях Рэчы Паспалітай рэзідэнцыі магнатаў будаваліся з анфіладнай планіроўкай памяшканняў, з аркаднымі галерэямі і нарожнымі вежамі. Паводле такога прынцыпу, у прыватнасці, пабудаваны ў канцы ХVІ — пачатку ХVII стагоддзяў польскія замкі Баранаў, Красічын, Суха. Архітэктурная кампазіцыя, планіроўка і часткова іх памеры вельмі блізкія і падобныя да архітэктурна-планіровачных элементаў Гальшанскага замка.
Замак неаднаразова быў разбураны і перабудаваны, што значна змяніла яго знешні выгляд і аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю (страчаны галерэі, дэкаратыўнае афармленне сцен, прыбудаваны да паўночна-заходняга і паўднёва-ўсходняга карпусоў 2 пяцігранныя вежачкі). У выніку абследавання помніка ў 1981—1983 гадах архітэктурна-археалагічнай экспедыцыяй Спецыяльных навукова-рэстаўрацыйных вытворчых майстэрняў Міністэрства культуры выяўлены 3 розначасовыя этапы будаўніцтва, якія адрозніваюцца характарам выкарыстанай цэглы, вапнавага раствору і тэхнікай муроўкі.
Дрэнная захаванасць замка ў Гальшанах не дазваляе дастаткова поўна вызначыць яго планіроўку. Можна толькі сцвярджаць, што справа ад уваходу знаходзілася вялікая квадратная зала з чатырма калонамі, на якія абапіраліся крыжовыя скляпенні.
Ужо ў ХVII стагоддзі Гальшанскі замак ад Сапегаў трапіў да іншых гаспадароў і на працягу стагоддзяў часта пераходзіў з рук у рукі. У 1880 годзе ўладальнік замка Гарбанёў пачаў узрываць вежы і сцены, а цэглу прадаваў на пабудову карчмы.

== Сучасны стан ==

Паводле пастановы Савета Міністраў ад 3 чэрвеня 2016 года № 437 Гальшанскі замак быў уключаны ў лік 27 аб’ектаў, выдаткі на захаванне якіх (у частцы капітальных выдаткаў) могуць фінансавацца з рэспубліканскага бюджэту.
У 2018 годзе праведзеная гідраізаляцыя фундамента, адноўлены сцены паўночнай вежы, а таксама аконныя і дзвярныя праёмы. Муры вежы для ўмацавання былі сцягнутыя спіралепадобнымі стрыжнямі, між’ярусныя перакрыцці — умацаваныя, а наверсе ўсталяваны дах з флюгерам. Адбываецца рэканструкцыя фрагментаў сцен, якія прылягаюць да вежы.
6 мая 2021 адбылося ўрачыстае адкрыццё Паўночнай вежы Гальшанскага замка і турыстычна-інфармацыйнага цэнтра пры ім.

== Галерэя ==

== Зноскі ==

== Літаратура ==
М. Ткачоў. Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя і інш. Уклад. Габрусь Т. В. — Мн.: Полымя, 1998. — 351 с.: іл. — ISBN 985-07-0036-Х — С. 23-25.
М. Ткачоў, I. Чарняўскі. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць, Мінск, Беларуская Энцыклапедыя, 1986.

Шыфр : 412Г000064
Датаванне : ХVI–ХVII стагоддзі, ХVIII–ХХ стагоддзі
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Гальшанскі_замак
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты