Гандлёвыя рады — гістарычны гандлёва-складскі комплекс у гарадскім пасёлку Антопаль (Драгічынскі раён, Брэсцкая вобласць, Беларусь). Пабудаваны ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя з цэглы. У наш час выкарыстоўваюцца па сваім першапачатковым прызначэнні.
== Архітэктура ==
Аднапавярховы будынак у плане ўтварае замкнёны прамавугольнік з вялікім унутраным дваром плошчай каля 250 м². У цэнтры процілеглых падоўжных бакоў зроблены праезды. Два рады калон дзеляць унутраную прастору будынка на тры пралёты. Інтэрвал паміж калонамі вызначае памеры гандлёвай секцыі. Кожная з іх перакрытая трохпралётным бочкападобным скляпеннем. Функцыянальна секцыя складаецца з гандлёвай залы, прылаўка і складскога памяшкання. Гандлёвыя рады арыентаваны на плошчу, а складскія памяшканні — ва ўнутраны гаспадарчы двор. Сцены будынка па ўсім перыметры прарэзаны лучковымі аконнымі праёмамі і завершаны прафіляваным карнізам з сухарыкамі.
== Гл. таксама ==
Гандлёвыя рады, Мінск
Гандлёвыя рады, Пружаны
Гандлёвыя рады, Навагрудак
== Літаратура ==
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].