
Гасціны двор — гістарычны гандлёва-складскі комплекс на пл. Свабоды ў Мінску, помнік рэспубліканскага значэння.
== Гісторыя ==
Пасля моцнага пажару ў 1547 годзе ў Менску пачынаюцца буйныя горадабудаўнічыя пераўтварэнні. Цэнтрам новай забудовы станавіцца плошча Высокі Рынак, дамінантамі якой сталі ратуша і Гасціны двор.
Упершыню аб неабходнасці будаўніцтва Гасцінага двара ў Менску згадваецца ў пацвярджэнні прывілея на магдэбургскае права, датаваным 1569 годам. У гэтым дакуменце быў дадзены дазвол «…мещаном Менским в месте тамошнем Менском двор гостиный на местцу слушном для стоянья купцов збудовати».
Цяжка меркаваць, якім першапачаткова быў комплекс Гасцінага двара, драўляным ці мураваным. У час археалагічных даследаванняў гэтага помніка былі выяўлены фрагменты мураваных канструкцый XVII стагоддзя. Расійскі дыпламат Пётр Талстой, які пабываў у Менску ў 1697 годзе, у сваіх нататках адзначыў, што «…в рядах, где торгуют, лавки каменные, и товаров есть немало».
Cучасны комплекс Гасцінага двара на пачаў фарміравацца ў XVIII стагоддзі і, верагодна, уключыў у сябе частку больш ранніх пабудоў. Мяркуючы па планах горада канца XVIII ст., ён меў С-падобную канфігурацыю і ў яго ўваходзілі 3 вялікія мураваныя будынкі. Паводле даследаванняў помніка найбольш раннім з’яўляўся цэнтральны будынак — 2-х павярховая камяніца з высокім цокалем, якая мела паўвальмавы дах, накрыты дахоўкай. Пазней да яе з абодвух бакоў былі прыбудаваны яшчэ дзве Г-падобныя ў плане камяніцы.
У канцы XVIII стагоддзя мінскім губернскім архітэктарам Фёдарам Крамерам быў распрацаваны праект рэканструкцыі комплексу Гасцінага двара, паводле якога планавалася пабудаваць новы вялікі П-падобны ў плане 2-павярховы корпус у стылі класіцызму з боку бернардзінскіх кляштараў. Праект гэтага будынка быў змешчаны ў «Атласе Мінскай губерні 1800 года».
Пляц пад новую будоўлю, які належаў гораду, быў падзелены на кавалкі, якія прадалі розным уладальнікам. Умовы будаўніцтва былі даволі жорсткія: усе працы павінны былі выконвацца згодна з распрацаваным і зацверджаным праектам. На 1798 год быў запланаваны пачатак будаўніцтва і да 1801 года яно павінна быць скончана. Калі хтосьці з новых уладальнікаў не выканаў бы падпісаныя ў кантракце ўмовы «усе будаўнічыя матэрыялы альбо не скончаныя пабудовы павінны былі цалкам перайсці ва ўласнасць гарадской думы альбо магістрата». У выніку гэтых прац паводле праекта архітэктара Крамера ў цэнтры плошчы сфарміраваўся цэлы квартал гасцінага двара, які меў дзве праязныя брамы з паўднёвага і паўночнага бакоў.
Канчаткова комплекс гасцінага двара ў Мінску сфарміраваўся ў першай палове ХІХ стагоддзя, калі з трох бакоў да яго была прыбудавана гандлёвая галерэя, а таксама пабудаваны шэраг камяніц у двары. На ніжніх паверхах будынкаў, што выходзілі на плошчу, знаходзіліся розныя крамы, а на верхніх — жылыя пакоі.
Беларускі этнограф Павел Шпілеўскі так апісвае мінскі гасціны двор ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя:
У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ў сучасным доме № 2 насупраць ратушы знаходзілася кнігарня братоў Бейліных. У гэтыя часы ў Мінску была толькі адна вялікая кнігарня. Увесь першы паверх камяніцы займалі кнігарня і кніжны склад. У 1855 годзе яе ўладальнікі выдалі кнігу Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча «Гапон». Побач з кнігарняй у гэтым будынку, праз уваходную арку, месцілася кавярня, якую ў той час называлі «цукерня». Тут збіраліся паэты, мастакі, акцёры, музыкі. Як сведчаць дакументы, у «цукерні» заўсёды было весела і шумна. Менавіта тут збіраліся будучыя ўдзельнікі паўстання 1863 года. На другім паверсе знаходзілася зала, дзе ладзіліся розныя вечарыны і балі.
Пасля 1920 года ў будынках Гасцінага двара размяшчаліся розныя адміністратыўныя ўстановы, у тым ліку Мінскі гарадскі выканкам Савета рабочых і сялянскіх дэпутатаў (1923—1933), у 1930-х гадах — Дом селяніна.
Новае выкарыстанне будынкаў прывяло да таго, што у 1920-х гадах была разабрана гандлёвая галерэя, а ў 1930-я гады значна рэканструявана частка гасцінага двара, пабудаваная паводле праекта Крамера ў канцы XVIII-пачатку XIX стагоддзя. У 1940-1980-х гадах у будынках Гасцінага двара размяшчаліся розныя дзяржаўныя і грамадскія ўстановы.
Пасля рэканструкцыі 1909 года над паўднёва-заходняй часткай надбудаваны трэці паверх, фасады дэкараваны ў стылі мадэрн, зменена планіроўка.
У пачатку XX стагоддзя ў памяшканнях былога гасцінага двара былі размешчаны аддзяленне Азоўска-Данскога камерцыйнага банка(руск.) бел., магазіны, купецкі клуб, дзе ў 1914 г. выступаў У. Маякоўскі. У 1917 годзе тут праходзілі 1-я і 2-я Паўночна-Заходнія абласныя канферэнцыя РСДРП(б), размяшчаўся Абласны выканаўчы камітэт Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў З