Геранёнскі замак — помнік палацава-замкавай архітэктуры канца XV — XVIII ст. каля в. Геранёны ў Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі.
== Гісторыя ==
Замак пабудаваны, верагодна, на мяжы XV—XVI ст., калі Геранёнамі валодаў канцлер ВКЛ і віленскі ваявода Ольбрахт Гаштольд. Геранёны пачынаюць звацца ў дакументах «мураванымі» (murata) не пазней за 1510 год. Да 1542 года замкам валодалі Гаштольды, потым — вялікія князі літоўскія і каралі польскія Жыгімонт Стары і Жыгімонт II Аўгуст, да 1588 года — розныя асобы, пазней Сапегі, з 1643 года — падскарбі Мікалай Кішка. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 замак разбурыла рускае войска. З канца XVII ст. інвентары паказваюць паступовае далейшае разбурэнне. З 1670 года замак і в. Геранёны на дзяржаўным утрыманні. У 1708 годзе ў замку з атрадам шведскага войска размяшчаўся польскі кароль Станіслаў Ляшчынскі. Пасля Паўночнай вайны 1700—1721 замак прыйшоў у заняпад.
У пачатку ХІХ ст. у Геранёнскім замку ўжо не жылі, у сярэдзіне стагоддзя значную частку руін разабралі на ўзвядзенне ў в. Ліпнішкі розных гаспадарчых будынкаў. Напалеон Орда замаляваў у сярэдзіне XIX ст. толькі руіны замка вышынёй да першага паверху.
== Архітэктура ==
Замак размяшчаўся на штучнай выспе, насыпанай з зямлі, выкінутай з рова, які абкружаў замчышча. Перад ровам быў земляны вал вышынёй 9-10 м, шырынёй каля 15 м і даўжынёй па перыметры больш за 700 м. Вал у плане нагадваў выцягнуты прамавугольнік з закругленымі вугламі. Абарона замка не была разлічана на прыродныя перашкоды і не мела штучнага абваднення. Толькі знешні абарончы роў на асобных участках мог напаўняцца вадой у час веснавога таяння снегу або ўвосень, калі ішлі дажджы. Характар першапачатковых навальных канструкцый Геранёнскага замка не высветлены, але, відаць, гэта былі звычайныя драўляныя сцены. Замак меў выгляд квадрата (27×27 м), на кожным вугле якога стаялі мураваныя цыліндрычныя вежы (дыяметр 8 м).
Даследаванне (1972, М. Ткачоў) уцалелых рэшткаў сцен і вежаў паказала, што яны былі складзены ў традыцыйнай для Беларусі тэхніцы паласатай муроўкі з шырокім выкарыстаннем каменю і цэглы, якая ішла ў асноўным на абліцоўку вежаў. Вапнавы раствор мае нязначны дамешак тоўчанай гліны і вызначаецца трываласцю. Сцены замка таўшчынёй 1,4 м на асобных участках дасягаюць цяпер вышыні 4 м. Першапачаткова яны былі не намнога вышэйшыя за вонкавы абарончы вал, які прызначаўся, магчыма, у першую чаргу для прыкрыцця замка ад прамога абстрэлу. Завяршэнне замкавых сцен было, відаць, цаглянае. Падмуркі вышынёй 1 м зроблены з вялікіх камянёў (70×50 см), пакладзеных на вапне. Прамежкі паміж імі старанна заштукаваны кавалкамі цэглы і раствору.
Двухметровай таўшчыні сцены вежаў с