Гродзенская Раства-Багародзіцкая царква і манастыр, Гродзенская Царква і кляштар базыльянак — помнік архітэктуры эпохі барока і класіцызма, колішні ўніяцкі храм. Комплекс уключае царкву Раства Багародзіцы, жылы і гаспадарчы корпус, капліцу. У архітэктуры комплекса адбіліся асаблівасці пераходу ад барока да класіцызма. Размешчаны па адрасе: Гродна, вуліца Давыда Гарадзенскага, 3.
== Гісторыя ==
Кляштар базыльянак быў заснаваны ў 1633 годзе (па іншым дадзеным у 1632 годзе паводле загада ўніяцкага мітрапаліта Антонія Сялявы) з дазвалення ўніяцкага мітрапаліта Іосіфа-Вельяміна Руцкага на месцы Прачысценскай царквы 12 стагоддзя. Першай ігуменняй была Базілія Сапега, якая прыехала з Вільні. У 1641 годзе ў кляштары было ўсяго 5 манашак. У 1642 годзе А. Сялява загадаў аддаць гродзенскаму манастыру базыльянак, якія прыбылі сюды з Вільні, «на вечныя часы» тэрыторыю на захад праваслаўнай Прачысценскай царквы і да Каралеўскага замка. Пасля спусташальнага пажару 1647 года, які знішчыў старадаўнюю царкву, быў пабудаваны драўляны храм Раства Багародзіцы, які таксама быў знішчаны пажарам 1720 года. У 1720 годзе пачалося будаўніцтва каменнай царквы і кляштара пад кіраўніцтвам архітэктара І. Фантана. Фінансаваў будоўлю ўніяцкі мітрапаліт Леў Кішка. Кляштар быў асвечаны ў 1756 годзе (па іншым дадзеным у 1751 годзе).
Пасля роспуску ўніяцкай царквы на Беларусі, кляштар у 1843 годзе быў перададзены праваслаўным. У 1848 годзе царква была перароблена, у выніку чаго іканастас быў перанесены з заходняй часткі, дзе раней быў алтар, ва ўсходнюю. У 1866 годзе на тэрыторыі кляштара з’явілася так званая «цёплая» царква Св. Сергія Раданежскага, якая была пабудавана на грошы, накладзеныя на мясцовую шляхту за ўдзел у паўстанні 1863 года. У 1891 годзе ў заходняй ч