Гара Міндоўга — пагорак у Навагрудку, размешчаны на тэрыторыі, абмежаванай вуліцамі Мінскай, 1 Мая і пешаходным пераходам, які злучае вуліцы Мінскую і 1 Мая.
Паводле падання ў XIII стагоддзі тут быў пахаваны заснавальнік Вялікага Княства Літоўскага князь Міндоўг. Пра паданне ўпамінаецца ў першай манаграфіі пра Навагрудак, выдадзенай на лацінскай мове ў Львове ў 1795 годзе. Незадоўга да смерці ад рук сваіх палітычных праціўнікаў ён адмовіўся ад каталіцтва і быў пахаваны па паганскаму абраду пад гарой (курганом).
Паводле іншай версіі, такая назва магла ўзнікнуць ад таго, што на гэтай гары і вакол яе, магчыма, праходзіла ў 1253 годзе каранацыя Міндоўга, які прыняў ад Папы Рымскага Інакенція IV карону і тытул Караля Літвы — першага і адзінага, бо паводле летапісу, каранацыя праходзіла не ў замку, а каля яго.
Асаблівую папулярнасць легенда пра гару Міндоўга набыла дзякуючы вядомаму паэту, ураджэнцу Навагрудка Адаму Міцкевічу, у творах якога не раз з’яўляецца góra Mendoga[1][2][3]
У ліпені 1993 года на гарадскім свяце з нагоды 740-годдзя каранацыі Міндоўга ля падножжа гары ўстаноўлены памятны знак скульптара У. М. Лятуна.
У верасні 2014 года каля гары была пастаўлена металічная скульптура Міндоўга вышынёй каля 2,5 метраў.[крыніца?]
Зноскі
- ↑ Увекавечанне міфа Вакол помніка літоўскаму князю Міндоўгу ў Навагрудку
- ↑ Краўцэвіч А. Блуканне па міфах // Беларуская Думка № 5, 2013.
- ↑ Груша А. Нужен ли Новогрудку памятник Миндовгу? // Беларуская Думка № 8, 2013.
Літаратура
- Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.