Яўрэйскія могілкі, афіцыйна Грамадзянскія могілкі на вуліцы Ольчынскай — могілкі ў Магілёве, размешчаны ў гістарычным раёне Машэкаўка і абмежаваны Нацыянальным спускам, вуліцамі Ольчынскай і Дарвіна. Побач знаходзяцца праваслаўныя Машэкаўскія могілкі. Займаюць плошчу 6,6 га.
Паводле пісьмовых крыніц яўрэйскія могілкі вядомыя з 1809 года. Самыя старыя з захаваных надмагілляў адносяцца да канца XIX — пачатку XX стст[1].
З 1937 года больш за 20 гадоў (з перапынкам на перыяд акупацыі) вартаўніком на могілках працаваў Д. Ф. Башарымаў, які жыў непадалёк. У 1962 г. яго змяніла ятроўка В. А. Башарымава[1].
Магіла ахвяр фашызму
3 кастрычніка 1941 года на могілках нацысты расстралялі 2 208 яўрэяў з гета на Дубравенцы. У 1965 годзе на брацкай магіле пастаўлены абеліск[2]. Паводле ўспамінаў старажылаў, могілкі пацярпелі ад бамбардзіровак[1].
У паваенныя гады частка могілак была забудавана жылымі дамамі з гародамі, затым гаражамі. У цагляным доме побач з могілкамі, дзе была сінагога ці дом ачышчэння пасялілася сям’я. У 1960-70-я гг. Яўрэйскія могілкі падвергліся чарговаму разбурэнню. Помнікі з дарагога матэрыялу таемна вывозілі і пасля апрацоўкі ставілі на іншых могілках горада. На тэрыторыі ранейшых пахаванняў устанаўліваліся новыя надмагіллі[1].
З 1979 г. на могілках сталі хаваць усіх жыхароў горада, таму што нацыянальныя і рэлігійныя традыцыі ў тыя часы не ўлічваліся[1].
У 2001 годзе Іўдзейская рэлігійная абшчына пад кіраўніцтвам Навума Абрамавіча Ёфэ на грошы спонсараў з ЗША абгарадзіла могілкі бетонным плотам, паставіла вароты з яўрэйскай сімволікай, пабудавала памяшканне для аховы, правяла тэлефон і электрычнасць, падняла і паставіла некалькі дзясяткаў мацэў (надмагільных камянёў), сабрала і пахавала чалавечыя рэшткі, выкінутыя з магіл[1]. У 2002 годзе, паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пахаванні і пахавальнай справе», могілкам нададзены статус «Грамадскіх».
Са жніўня 2003 года могілкі з’яўляюцца закрытымі. Пахаванні дазволены толькі пры наяўнасці свабоднаю месцы ў агароджы ў раней пахаваных блізкіх сваякоў. На ўчастках даўніх пахаванняў пахаванні забаронены, за выключэннем падпахавання ўрны з прахам памерлага.
Улетку 2013 года ўдзельнікі праграмы «Не забудзься» ачысцілі і сфатаграфавалі каменныя мацэвы на старажытнай частцы могілак. Затым з дапамогай кіеўская спецыяліста па эпіграфіцы Аляксандры Фішэль пераклалі імёны і даты на рускую і англійскую мовы[1].
Вядомыя асобы
Мацвей Саламонавіч Бярозкін — беларускі артыст. На магіле ўстаноўлены бюст працы Заіра Азгура[1][3].
Пётр Паўлавіч Шасцерыкоў (1919—1994) — беларускі празаік, перакладчык, публіцыст.
На могілках таксама маецца помнік сляпому настаўніку Карно, пастаўлены ўдзячнымі вучнямі; захавался старадаўнія мацэвы з надпісамі на іўрыце, вытанчанай разьбой, эпітафіямі з акравершамі[1].