
Юбілейны дом, або Будынак царкоўна-археалагічнага музея — збудаванне ў Мінску на праспекце Незалежнасці, 26. Помнік архітэктуры псеўдарускага стылю, пабудаваны ў 1913 годзе (архітэктары Віктар Струеў і Іван Фамін). Уваходзіў у склад Архірэйскага падвор’я, частка гістарычнай забудовы колішняй Захар’еўскай вуліцы.
== Гісторыя ==
У 1909 годзе паводле ініцыятывы гісторыка-археалагічнага камітэта ў Мінску быў адкрыты музей царкоўных старажытнасцяў. Першыя чатыры гады ён месціўся ў будынку Дваранскага сходу. У 1913 годзе быў пабудаваны адмысловы будынак царкоўна-архелагічнага музея на Архірэйскім падвор’і, архітэктарамі выступілі Віктар Струеў і Іван Фамін. Будынак узведзены да 300-годдзя дома Раманавых, таму займеў назву «Юбілейны дом». Стары адрас — Захар’еўская вуліца, у першай палове 1910-х — без нумара, у 1917 годзе — 94, у 1939—1941 — 108.
У выцягнутым прамавугольным аб’ёме, што выходзіў на Захар’еўскую вуліцу (цяпер праспект Незалежнасці), месцілася выставачная зала. У кароткім крыле, размешчаным перпендыкулярна, былі фондасховішчы і адміністрацыйныя памяшканні. У месцы злучэння гэтых двух аб’ёмаў размяшчалася лесвіца, што вяла на другі паверх. Тут жа на галоўным фасадзе быў уваход у будынак, а на першым паверсе — невялікі вестыбюль. У музеі знаходзіліся ў асноўным прадметы рэлігійнага культу — крыжы, манеты, гравюры, адзенне. Таксама былі прадметы этнаграфічнага характару — тэксты народных песень, казак, паданняў. Галоўнай скарбніцай была бібліятэка гісторыка-археалагічнага камітэта. У музеі налічвалася каля 1900 тамоў старажытных кніг, у тым ліку рукапісы XVI — XVII стст. У часе Першай сусветнай вайны музей быў эвакуяваны ў Разань. Экспанаты вярнуліся ў Менск у 1922 годзе, былі перададзеныя ў Беларускі дзяржаўны музей. Невялікая частка экспанатаў, што засталася ў Беларусі пасля Другой сусветнай вайны, цяпер захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі.
У 1917 годзе ў будынку месцяцца злічальны аддзел Упраўлення будаўніча-тэхнічнай часці Заходняга фронту і рэдакцыя тыднёвіка «Известия инженерно-строительных дружин Западного фронта». З чэрвеня 1918 года будынак займае Менскае беларускае прадстаўніцтва, «Юбілейны дом» на Захараўскай пазначаецца як «адрас адміністрацыі» газеты «Беларускі шлях», што выдавалася прадстаўніцтвам. З 17 жніўня 1918 года другі паверх Юбілейнага дома займае Народны сакратарыят БНР, на першым паверсе адбываюцца пасяджэнні Рады БНР. Па заняцці Менска бальшавікамі, у 1919 годзе будынак займае Савет народнай асветы, старшыня — Вайцянкоў Т. К. 8 жніўня 1919 года Менск займаюць польскія войскі (Польска-савецкая вайна), у Юбілейным доме размяшчаецца Часовы беларускі нацыянальны камітэт, разам з ім у розны час рэдакцыі беларускіх газет «Звон», «Беларусь» і часопіса «Беларускае жыццё». Будынак займеў назву «Беларускі дом».
11 ліпеня 1920 года Менск займаюць бальшавікі, у будынку месціцца «Политпросвет» Наркамата асветы. У 1920—1921 гадах — Беларускі кніжны склад. У 1922 годзе — Беларуска-руская бібліятэка, у 1923 годзе — Беларускі дзяржаўны архіў, з 1925 года — Беларускі дзяржаўны музей. У 1922—1932 гадах у будынку месціцца Беларуская дзяржаўная бібліятэка (да 1926 года пад назвай Беларуская дзяржаўная і ўніверсітэцкая бібліятэка). Рашэнне пра пераезд універсітэцкай бібліятэкі ў Юбілейны дом было прынята ў канцы 1921 года. Будынак меў два паверхі, на першым размяшчаўся аддзел савецкага будаўніцтва і сховішча, на другім — беларускі аддзел і чытальная зала. У 1923 годзе бібліятэцы перадалі яшчэ і суседні будынак былой духоўнай кансісторыі. У гэтым доме размясціліся медыцынскі, прыродазнаўчы, яўрэйскі аддзелы, канцылярыя, кніжная палата, а таксама сховішча старадрукаў і кватэра дырэктара І. Б. Сіманоўскага. У 1935 годзе ў Юбілейным доме месціўся Беларускі дзяржаўны сацыяльна-гістарычны музей (у 1936 годзе — Музей гісторыі ЦК КП(б)Б, у 1937—1940 гадах Менскі (Мінскі) гістарычны музей), у 1940 годзе — цырульня № 2 «Аблкамгаса».
З 1963 года ў Юбілейным доме месціўся «Дом работнікаў мастацтваў» («Дом мастацтваў»), потым універсітэцкая бібліятэка. «Дом мастацтваў» меў гля