Шыфр : 112Г000062
Архітэктурны стыль : неаготыка
Датаванне : 1751
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Касцёл_Святога_Юрыя_(Паланечка)

Палане́чка (трансліт.: Palaniečka, руск.: Полонечка) — вёска ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Вольнаўскага сельсавета. Размешчана за 35 км на паўночны ўсход ад Баранавічаў, за 21 км ад чыгуначнай станцыі Пагарэльцы на лініі Баранавічы — Мінск, на рацэ Змейцы (прыток Ушы), з Баранавічамі злучана аўтадарогай. Насельніцтва 612 жыхароў, 264 гаспадаркі (2005).

== Гісторыя ==

=== Вялікае Княства Літоўскае ===
Упершыню Паланечка згадваецца ў XVI стагоддзі як мястэчка ў Новагародскім павеце, уладанне Рудамінаў-Дусяцкіх. Пазней мясцовасць перайшла да Радзівілаў, за якімі ў канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў тут збудавалі цагляны палац, у якім размяшчаліся вялікія бібліятэка, архіў, творы мастацтва і калекцыя манет. Першым яго гаспадаром быў князь Мацей Радзівіл, павенчаны з Альжбетай Хадкевіч.
У 1751 годзе ў мястэчку ўзведзены драўляны касцёл Святога Юрыя. У 1777 годзе мястэчка наведаў рускі пісьменнік Дзяніс Фанвізін на шляху з Масквы ў Францыю. Ён пакінуў запісы аб мястэчку і яго ваколіцах.

=== Пад уладай Расійскай імперыі ===
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Паланечка апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у складзе Навагрудскага павета. У 1819 годзе тут пабудаваны вадзяны млын.

Паводле інвентару 1844 года ў мястэчку было 58 двароў з поўнымі надзеламі і 32 двары з прысядзібнымі дзялянкамі. У местачкоўцаў было каля 50 кароў, 26 коней. Гаспадар Паланечкі князь Канстанцін Радзівіл вызначаўся прагрэсіўнымі поглядамі, падтрымліваў сувязі і сустракаўся з патрыятычнымі дзеячамі Расіі, Польшчы і Беларусі. У 1845 пад яго апякунствам тут знаходзілася рэдакцыя часопісу «Народ і час», які выдаваў Я. Філіповіч (выйшаў толькі 1 нумар). К. Радзівіла ў Паланечцы наведаў паэт Уладзіслаў Сыракомля. У часы нацыянальна-вызваленчага паўстання (1863—1864) у ваколіцах мястэчка дзейнічалі паўстанцкія аддзелы.
У сярэдзіне 1880-х гадоў пад назвай Паланечка існавалі 3 населеныя пункты: мястэчка — 62 двары, касцёл, капліца, земскае народнае вучылішча, вадзяны млын, крама; вёска (9 двароў) і маёнтак.

=== Найноўшы час ===
У 1909 годзе сяло ў Жухавіцкай воласці Навагрудскага павета.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Паланечка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства. У гэты час існавалі мястэчка (99 двароў) і фальварак.
У 1939 годзе Паланечка ўвайшла ў склад БССР. З 15 студзеня 1940 года ў Гарадзішчанскім раёне Баранавіцкай вобласці. 12 кастрычніка 1940 года стала цэнтрам сельсавета. Статус паселішча панізілі да вёскі.
У Вялікую Айчынную вайну з канца чэрвеня 1941 года да 7 ліпеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На франтах вайны загінуў 71 аднасяльчанін.
З 25 снежня 1962 года ў Баранавіцкім раёне.

Мястэчка на старых здымках

У 1940—1960 гадах цэнтр Паланечкаўскага сельсавета. Да 1962 года вёска ўваходзіла ў склад Вольнаўскага сельсавета, да 21 ліпеня 1986 года — у склад Савіцкага сельсавета.
Да 26 чэрвеня 2013 года вёска ўваходзіла ў склад Паланечкаўскага сельсавета.

== Інфраструктура ==
Працуюць выканкам сельсавета, калгасная сядзіба, рамонтныя сельскагаспадарчыя майстэрні, ветэрынарны ўчастак, сярэдняя школа, клуб, бальніца, аптэка, аддзяленне сувязі, бібліятэка, магазін.

== Насельніцтва ==
XIX стагоддзе:
1886 — 62 двары, 454 жыхары, у маёнтку і вёсцы — 9 двароў.
XX стагоддзе:
1901 — 459 жыхароў, у маёнтку — 29 жыхароў.
1909 — 90 двароў, 488 жыхароў, у маёнтку — 29 жыхароў.
1921 — 99 дамоў, 523 жыхары, у фальварку — 9 дамоў, 77 жыхароў.
1959 — 404 жыхароў.
1970 — 1071 жыхар.
1998 — 291 двор, 662 жыхары.
XXI стагоддзе:
2005 — 612 жыхароў, 264 гаспадаркі.

== Славутасці ==

Палац Радзівілаў (першая палова XIX стагоддзя) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Г000061
Юр’еўскі касцёл са званіцай (1751, 1827, 1897) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 112Г000062
Капліца каля касцёла (пачатак XX стагоддзя)
Плябанія (пачатак XX стагоддзя)
Вадзяны млын (1819)
Праваслаўная капліца на могілках (пачатак XX стагоддзя)
Брацкая магіла савецкіх воінаў
Помнік землякам.

=== Страчаныя ===
Адзіны ў раёне турбінны млын (1819). У 1970-я гады па загадзе старшыні калгаса з яго знялі ацынкаваную бляху, пасля чаго помнік прамысловай архітэктуры раскалоўся на дзве паловы і абрынуўся ў раку.

== Вядомыя асобы ==
Канстанцін Радзівіл (1793—1869) — навагрудскі павятовы маршалак (1832—1834).
Мікалай Людвігавіч Светлік (1904—1972) — Герой Сацыялістычнай Працы.
Іван Віктаравіч Шут (нар. 1932) — вучоны ў галіне прыладабудавання.
Мікалай Мікалаевіч Папок (нар. 1953) — беларускі спецыяліст у галіне тэхналогіі машынабудавання.

== Цікавыя факты ==
У мясцовым касцёле Св. Георгія хрысцілі Ігната Дамейку.

== Зноскі ==

== Літаратура ==
Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / пад навук. рэд. А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2006. ISBN 985-11-0373-X.
Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
Połoneczka // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Tom VIII (Perepiatycha — Pożajście), 1887. — S. 725 (польск.)
Нацыянальны архіў РБ, ф.4, воп. 5, спр. 21204 ф. 30, воп. 5, спр.28, 6753, 67604 воп. 9, спр. 2378, 6753.
Расійскі дзяржаўны гісторычны архіў, ф.1290, воп.11, спр. 1320—1322.
Волости и важнейшее селения Европейской России. Вып. 5 СПб., 1886.
Указатель населенным местностям Гродненской губернии… Гродно, 1905.
Список населенных мест Минской губернии. Мн., 1909.
Белоруссия в эпоху феодализма. Т.1-4. Мн., 1959-79.
Преступления немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии: 1941—1944. Мн., 1965.
Навечно в сердце народном. 3 изд. Мн. 1984.
Административно-территориальное устройство БССР. Т.1-2. Мн., 1085-87.
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Брэсцкая вобл. Мн., 1990.
Памяць: Баранавічы. Баранавіцкі р-н. Мн., 2000.
Рэспубліка Беларусь: Вобласці і раёны: Энцыкл.дав. Мн., 2004.
Roman Aftanazy. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej (польск.) . — drugie przejrzane i uzupełnione. — Wrocław: Ossolineum, 1993. — T. 2. Województwa Brzesko-Litewskie, Nowogródzkie. — 474 s. — ISBN 83-04-03784-X (т. 2), ISBN 83-04-03701-7.

Шыфр : 112Г000062
Архітэктурны стыль : неаготыка
Датаванне : 1751
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Касцёл_Святога_Юрыя_(Паланечка)
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты