Капліца-пахавальня Нонхартаў — капліца ў паўднёва-ўсходняй частцы вёскі Гайцюнішкі, каля дарогі.
== Гісторыя ==
Пабудавана ў 1633 г. з цэглы як кальвінскі збор па фундацыі дачкі ўладальніка Гайцюнішак П. Нонхарта Зузаны. Стала сямейнай пахавальняй Нонхартаў, а пазней Шротэраў і іншых уладальнікаў Гайцюнішак кальвінскай веры (Стэцкевічаў, таксама пахаваны Остэн – Сакены).
Царква доўгі час мела асобнага пастара, ці казначэя. У XIX ст. была філіялам (“прычэтнай” царквой) Віленскай лютэранскай парафіі.
== Архітэктура ==
Прамавугольны ў плане будынак і такая ж алтарная частка. Асноўны аб’ём быў накрыты вальмавым дахам. Сцены прарэзаны лучковымі аконнымі праёмамі, завершаны шырокімі прафіляванымі карнізамі і ўмацаваны магутнымі контрфорсамі, схілы якіх накрыты дахоўкай. Галоўны фасад не меў шчыта, а над уваходам узвышалася вежачка-сігнатурка. Тарэц алтарнай апсіды быў завершаны трохвугольным франтонам. Дэкор на фасадах амаль адсутнічаў. У інтэр’еры асноўны аб’ём быў перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі. У сутарэннях знаходзіліся труны з муміфікаванымі целамі пахаваных. Высокую каштоўнасць мелі алтар і казальніца XVII ст. Капліца зруйнавана ў часы, калі ў доме-крэпасці знаходілася школа механізатараў. Пры гэтым гатычная цэгла выкарыстоўвалася на будаўніцтва гаспадарчых пабудоў.
Засталіся руіны, часткі паўночнай і заходняй сцен.
== Галерэя ==
Гайцюнішкі на старых здымках
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
Гайцю́нішская каплі́ца // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 202. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.