
Капліца-пахавальня Паскевічаў — капліца-пахавальня ў Гомелі, пабудаваная ў 1870—1889 гадах для пахавання членаў сям’і Паскевічаў, якія валодалі гомельскім палацам і паркам з 1834 па 1918 гады. Уваходзіць у склад Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.
== Гісторыя ==
Пабудаваная ў 1870—1889 гг. у псеўдарускім стылі пад кіраўніцтвам акадэміка архітэктуры Я. Чарвінскага (праект ствараўся пры ўдзеле А. Х. Пеля(руск.) бел.) побач з Петрапаўлаўскім саборам для пахавання членаў сям’і Паскевічаў Фёдарам Іванавічам Паскевічам. Будаўніцтва даручылі пецярбургскім архітэктарам М. Я. Месмахеру(руск.) бел. і О. Э. Вегенеру. Першы адказваў за дэкаратыўнае аздабленне капліцы-пахавальні, а другі займаўся непасрэдна будаўніцтвам.
У 1889 годзе ў капліцы па загаду Фёдара Паскевіча былі перапахаваны астанкі яго бацькоў генерал-фельдмаршала, святлейшага князя І. Ф. Паскевіча (1782—1856) і яго жонкі Лізаветы Аляксееўны, народжанай Грыбаедавай. (Першапачаткова І. Ф. Паскевіч, які памёр у Варшаве, быў пахаваны ў сяле Іванаўскім (цяпер Дэмблін). Сюды ж перавезены астанкі яго дзядулі Фёдара Паскевіча і бабулі Ганны Карабанькі з маёнтка Шчэгліцы ў Магілёўскай вобласці.
У 1903 годзе Фёдар Іванавіч Паскевіч (1823—1903) таксама быў пахаваны ў капліцы-пахавальні.
Капліца-пахавальня пацярпела падчас Вялікай Айчыннай вайны, але ў 1968—1975 гадах прайшла яе рэканструкцыя. У 2008—2016 гадах праведзена рэстаўрацыя капліцы. Цяпер гэты помнік архітэктуры — частка палацава-паркавага комплексу Румянцавых-Паскевічаў.
== Архітэктура ==
Пахавальня нагадвае мініяцюрны казачны замак, зграбны і крохкі. Але архітэктар, нягледзячы на невялікі маштаб, стварыў паўнавартасны па кампазіцыі будынак з артыстычна вытрыманай стылістыкай.
План капліцы — квадрат плошчай 30 м², аб’ёмная кампазіцыя вытрымана ў духу драўляных пяціглавых шатровых цэркваў. На паўднёвым фасадзе прыстроены ўваход з лесвіцай і арачным парталам. Асаблівасцю збудавання з’яўляецца дэкаратыўнае ўбранне. Пустацелыя, мудрагелістыя па форме керамічныя калоны, скульптурныя какошнікі, разеткі, карнізныя паясы, пазалочаныя купалы і каляровая кераміка выкананы на высокім мастацкім узроўні. Асаблівую маляўнічасць фасадам надаюць маёлікавыя пліткі, упрыгожаныя раслінным арнаментам. Дэкор належыць мясцовым майстрам, якія працавалі пад кіраўніцтвам мастака С. Садзікава. Гэта былі паліхромныя роспісы, у якіх відавочна бачныя былі старажытнарускія матывы: пераплятаюцца кветкі, лісце, парасткі і прарастае васьміканцовы крыж. Садзікаў таксама кіраваў пазалотнымі працамі ў магільным склепе.
== Склеп ==
Непасрэдна пахавальня з пахаваннямі знаходзіцца пад зямлёй, уваход у яе размешчаны ў змешчаным на некаторым аддаленні павільёне. У склепе пахаваны восем прадстаўнікоў роду.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Гомельская капліца // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. С. 342.
Литвинова Т. Ф. Часовня-усыпальница князей Паскевичей в Гомеле Архівавана 28 студзеня 2017.
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с.
Гомель. Энциклопедический справочник. — Мн.: БелСэ, 1991. — 527 с.
Маслих С. А. Русское изразцовое искусство XV—XIX веков: Альбом. Вступит. ст. Ю. С. Мелентьева. — М.: Изобразительное искусство, 1983. — 336 с.
А. А. Тиц. Атлас памятников архитектуры и мемориальных комплексов Белоруссии. Минск, «Вышэйшая школа», 1988.
Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4