Капліца-пахавальня Талочкаў — капліца-пахавальня ў в. Вялікая Ракавіца Брэсцкага раёна. Размешчана на паўночна-заходняй ускраіне вёскі, у былым прысядзібным парку. Пабудавана ў пачатку XX стагоддзя з цэглы як пахавальня ўладальніка маёнтка Талочкі.
== Архітэктура ==
Помнік архітэктуры неаготыкі. Вырашана кампактным прамавугольным у плане аб’ёмам з 3-граннай алтарнай часткай, накрытым стромкім двухсхільным дахам. Да франтальнага фасада далучана двух’ярусная чатырохгранная званіца, спічасты шацёр якой акаймоўвала аркатура з фіяламі (не захаваліся). Уваход вырашаны перспектыўным стральчатым парталам, фланкіраваным гранёнымі пілонамі. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны стральчатымі аконнымі праёмамі ў рэльефных ліштвах. Вуглы аб’ёмаў умацаваны ступеньчатымі контрфорсамі.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Капліца // Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд.. — Мн.: БелЭн, 2008. — С. 311. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5.