Капліца-пахавальня Забелаў — культавае збудаванне ў вёсцы Ізюмава, Бабруйскі раён Магілёўскай вобласці. Знаходзіцца на могілках.
Гісторыя
Некалі ў маёнтку Дурынічы (цяпер — в. Ізюмава) знаходзілася сядзіба графскага роду Забелаў. На мясцовых каталіцкіх могілках у пачатку ХIX стагоддзя Забелы пабудавалі родавы пахавальны склеп[1]. Тут знайшлі свой апошні прытулак прадстаўнікі гэтага шляхецкага роду: граф Антоній Забела (1785—1861) і яго жонка Тэкля з Панцэвічаў (1802—1862), іх дачка Барбара Збарамірская, жонка графа Шымана Забелы Соф’я з Рудзіеўскіх (1842—1867), і іх дачка Станіслава (1865—1895)[2].
У 1905 годзе над склепам усталявалі алтар, і граф Сымон Забела, атрымаўшы дазвол, за свае сродкі пачаў будоўлю капліцы, якая скончылася ў 1907 годзе. Навокал капліцы знаходзіліся дзясяткі пахаванняў каталікоў з суседніх вёсак і фальваркаў, якія датаваліся канцом ХVIII — пачаткам ХХ стагоддзяў[1].
У 1960-я гады капліца і пахаванні на могілках былі разрабаваныя чорнымі капальнікамі. У выніку гэтага была ўзарвана падлога і знішчаны труны, са сцен адвалілася тынкоўка. Стан капліцы наблізіўся да аварыйнага[1].
Намаганнямі парафіян бабруйскага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі на чале з пробашчам Юрыем Быкавым у 2006 годзе пачалося аднаўленне святыні. Спецыялісты Бабруйскага камбіната жалезабетонных вырабаў падрыхтавалі план правядзення рамонтных работ, у ходзе якіх будынак быў накрыты металічнай дахоўкай, устаноўлены вокны і дзверы, упарадкаваны інтэр’ер[1].
Архітэктура
Арыгінальная аздоба інтэр’еру не захавалася. Алтар, свяцільні, спавядальня і ўсё ўнутранае афармленне было выканана з чорнага дубу, што надавала капліцы строгі і жалобны выгляд. Прыкладна над 6 пахаваннямі ў склепе ў падлогу капліцы, выкладзенай чорна-белай кафляй вытворчасці радамскай фабрыкі «Марывіль»[2], умураваны надмагільныя пліты з чорнага граніту. У капліцы меўся нават арган, прывезены з Прагі[3].
Зноскі
- ↑ Віктар Маліноўскі. Сабраны камень (гісторыя капліцы Забэлаў у Ізюмава) Архівавана 30 жніўня 2022.. — Бабруйск: Парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, 22 кастрычніка 2017. (бел.)
- ↑ Марина Михневич. «Её чёрные волосы ещё долго были разбросаны возле вскрытой могилы»… Тайны часовни в Изюмово Архівавана 30 жніўня 2022.. // Бобруйский курьер, 13 чэрвеня 2017. (руск.)
- ↑ Żyskar F. J. Nasze kościoły: opis ilustrowany wszystkich kościołów i parafji znajdujących się na obszarach dawnej Polski i ziemiach przyległych. T. 1: Djecezja Minska.. — Warszawa — Petersburg, 1913. — С. 252. — 444 с.
Літаратура
- Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд.. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. — С. 420