Капліца Святога Дамініка — каталіцкае культавае збудаванне ў горадзе Слоніме (Гродзенская вобласць, Беларусь), помнік архітэктуры ракако.
== Гісторыя ==
Пабудавана з цэглы ў 1745 годзе ў заходняй частцы горада, на скрыжаванні вуліц Міцкевіча і Пушкіна. У XVIII стагоддзі пры ўездзе ў горад стаялі 2 капліцы, якія былі накшталт пагранічнага знака (другая капліца не захавалася).
Занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.
== Архітэктура ==
Капліца Святога Дамініка — цэнтрычнае трох’яруснае цаглянае, падобнае да вежы, збудаванне. 2 ніжнія ярусы маюць квадратнае сячэнне з увагнутымі гранямі і зрэзанымі вугламі, выразна падкрэслены чарапічнымі злівамі і прафіляванымі карнізамі. Першы ярус масіўны, маналітны, устаноўлены на нізкім цокалі, другі скразны, з 4 арачнымі прасветамі (прызначаліся для пазалочанай драўлянай скульптуры святога Дамініка, не захавалася), трэці — фігурная ўвагнута-пукатая вежачка з шатровым пакрыццём.
== Літаратура ==
Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Слонімскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 2004.— 752 с. — С. 673
Кулагін А. М. Слонімская капліца Дамініка // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 15. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).