
Капліца Святой Ганны — каталіцкая капліца ў вёсцы Палянах Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці. Размешчана на могілках на паўночнай ускраіне вёскі. Належыць да парафіі Святога Міхала Арханёла ў Ашмянах.
== Гісторыя ==
Драўляная капліца пад тытулам святой Ганны на мясцовых могілках была пабудавана ў 1810 годзе (дата на цагліне падлогі) з фундацыі Амброзія Янкоўскага.
У 2014 годзе была здзейснена ацэнка стану захавання капліцы і падрыхтаваны план замены яе фундаменту. Працы датавала польскае Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны. Праект кансерватарска-будаўнічых прац выканалі Ежы Сталыгін і Мацей Вархоль з Нацыянальнага інстытута спадчыны ў Варшаве.
Замену фундаменту здзейсніла ў 2017 годзе супольнасць рамеснікаў з Ашмянаў пад кіраўніцтвам Генрыка Раманчука з Сувалак (Польшча).
5 кастрычніка 2019 года дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі здзейсніў асвячэнне адноўленай капліцы.
== Архітэктура ==
Помнік народнага дойлідства з рысамі класіцызму. Вырашана прамавугольным у плане зрубам пад двухсхільным дахам, вынесеным на фасадзе трохвугольным франтонам на чатырох слупах, у самым левым інтэркалумніі якога падвешаны звон. Вертыкальна ашаляваныя фасады прарэзаны высока ўзнятымі прамавугольнымі аконнымі і ўваходным праёмамі, паўкруглай люкарнай пад франтонам.
Інтэр’ер перакрыты плоскай падшыўной столлю, падлога цагляная, над уваходам хоры на двух слупах..
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд.. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5.