Хво́ева (трансліт.: Chvojeva, руск.: Хвоево) — вёска ў Нясвіжскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Сноўскага сельсавета
Мае тры вуліцы: Азёрную, Садовую і Сноўскую. Ля вёскі знаходзіцца чыгуначны прыпынак Хвоева, размешчаны на лініі Мінск — Баранавічы.
== Гісторыя паселішча ==
Упершыню «sioło Chwoiowskie» згадваецца ў вядомых даследчыкам пісьмовых крыніцах 1 снежня 1562 года ў акце валочнай памеры маёнтка Сноў, як супольная ўласнасць родных братоў Паўла і Мальхера Жыгімонтавічаў Некрашэвічаў-Сноўскіх. Налічвала 59 валок «добрага грунту».
У 1579 годзе знаходзілася ў трыманні новагародскага падсудка Есіфа Іванавіча Галаўні і яго жонкі Ядзвігі Мікалаеўны Біюціскай (крэўнай тагачасных уладальнікаў Сноўскага маёнтка — новагародскага земскага суддзі Мальхера Сноўскага Граўжа і яго старэйшага брата Паўла). Маёмасная спрэчка за Хвоева паміж Мальхерам Сноўскім і Есіфам Галаўнёй была ўлагоджана «…за доброволным отписом пана Сновского в певной сумме пенезей».
У 1588 годзе новагародскі земскі суддзя Есіф Галаўня вымяніў свой маёнтак Хатаевічы ў Менскім павеце на маёнткі Студзёнкі і Сноў, якія належалі пасля смерці віцебскага кашталяна Мальхера Сноўскага яго жонцы Барбары Янаўне Клачкоўне Сноўскай. Так Хвоева зноў стала ўласнасцю Галаўні да яго смерці ў 1598 годзе. Пасля падзелу спадчыны паміж яго сынамі 21 кастрычніка 1602 года в. Хвоева атрымаў Крыштаф Есіфавіч Галаўня.
У другой палове XVII — першай трэці XIX ст. Хвоева знаходзілася ва ўласнасці прадстаўнікоў родаў Рдултоўскіх, пазней (да першай трэці XX ст.) — Гартынгаў. У 1690 годзе два дымы ў Хвоеве належалі Ежаму Васілеўскаму.
Пасля падпісання Рыжскай дамовы, у 1921—1939 гадах знаходзілася ў складзе Сноўскай гміны Нясвіжскага павета Навагрудскага ваяводства Польскай рэспублікі.
== Насельніцтва ==
2010 год — 291 чалавек
1999 год — 293 чалавекі
== Славутасці ==
Карчма з Хвоева (XIX стагоддзе), перавезена ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 612Г000383
== Вядомыя ўраджэнцы ==
Рамуальд Іосіфавіч Клім (1933—2011) — савецкі беларускі лёгкаатлет і трэнер, алімпійскі чэмпіён 1964 года ў кіданні молата.
Пётр Вікенцьевіч Лешчылоўскі (нар. 1938) — беларускі эканаміст.
== Зноскі ==