Касцёл Адшукання Святога Крыжа — рымска-каталіцкі храм у цэнтральнай частцы Гродна. Пасля разбурэння савецкімі ўладамі Фары Вітаўта, Пабернардзінскі касцёл з’яўляецца самым старым каталіцкім храмам у Гродне.
== Гісторыя ==
У першапачатковым выглядзе касцёл бернардзінцаў узнік у 1595—1600 гадах. Ён, хутчэй за ўсё, быў трохарачны з калонамі. Да 1618 года касцёл пашыраўся. Замест аднанефнага, была ўзведзенна трохнефавая чатырохарачная базіліка, ад старога будынка захаваўся толькі гатычны прэзбітэрый. Касцёл быў кансекраваны віленскім біскупам Яўстахіям Валовічам 13 мая 1618 года, аб гэтым сведчыць умураваная ў другую паўночную калону мармуровая шыльда.
У 1660-х гадах пры касцёле існавала Ларэтанскае брацтва. Гэта пацвярджае «Індульгенцыя Папы Аляксандра VII для членаў брацтва Ларэтанскага дома Божай Маці пры гродзенскім бернардзінскім кляштары», што была выдана ў 1666 годзе. Брацтва павінна было мець сваё месца ў касцёле, дзе стаяў алтар з фігурай Ларэтанскай Божай Маці. Гэта была невялічкая капліца, дабудаваная з боку паўночнага нефа. Да нашых часоў захаваліся дзверы, што вядуць да яе.
У 1679 годзе віленскі ваявода Міхал Пац атрымаў згоду на пабудову драўлянага палаца на манастрыскіх землях, але ўзамен быў абавязаны пабудаваць перад фасадам касцёла Ларэтанскі домік. У 1682 годзе Міхал Пац памер і будаўнічыя работы спыніліся. Цагельню і землі бернардзінцам перадаў брат Міхала Казімір, у той час біскуп жамойцкі. У 1682 годзе пачалася чарговая перабудова касцёла: касцел быў пашыраны да пяці арак за кошт новы фасаду па лініі заходняга муру, але ж Ларэт пакінулі недабудаваным. У 1683 годзе да новай аркі касцёла прысунулі музычныя хоры і дзве вяршынныя капліцы. Будаўніцтва новага фасада скончылася ў 1686 годзе, магчыма ў той жа час пабудавана і вежа. У нішах новага фасада размяшчаліся скульптуры св. Алены, св. Антонія і св. Бернардзіна.
У 1683 годзе была створана капліца святой Барбары, а ў 1686 годзе Папай Інакенціем XI было створана брацтва ў гонар святой пры касцёле бернардзінцаў. Капліца, што размяшчалася насупраць, насіла імя св. Казіміра. Абедзве яны знаходзяцца ў апошняй арцы касцёла.
У 1680 годзе створаны новы вялікі алтар, дзе абраз Божай Маці быў заменены на распяцце, што больш адпавядала назве касцёла.
На сродкі Марыны Длускай быў зроблены бакавы алтар, прысвечаны св. Антонію, у 1680—1683 гадах былі выкананы стэлы, аздобленыя скульптурнымі сцэнамі з жыцця святога. На другі бакавы алтар, прысвечаны Чанстахоўскай Божай Маці, ахвяраваў Вількоўскі. У 1687 годзе на пазалоту вялікага алтара і стэлы выдаткаваў гвардыян Гладавіцкі. А ў 1694 годзе ў касцёл прыбылі абразы з Вільні і алтары святых Францішка і Ганны.
У 1730-я гады была адрэстаўравана вежа, а ў 1760 годзе ўзнік на ахвяраванні Адама Ленкевіча алтар Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Найкаштоўнейшыя элементы інтэр’ера з’явіліся якраз у XVIII стагоддзі.
Пасля вялікіх пажараў у 1753 годзе ў Гродне была знішчана частка кляштара і вежы, канструкцыя якой была парушана агнём. Пасля адбудовы, вежа вырасла на два яруса, а знішчаныя агнем званы былі заменены на новыя. Ад чарговага пажару ў 1782 годзе пацярпеў інтэр’ер. Пасля заканчэння рамонту ў 1788 годзе ў касцёле з’явіліся 12 новых алтароў у стылі класіцызм, скродкі на якія ахвяраваў Чэрэнькевіч. Уверсе алтароў знаходзяцца стацыі Крыжовага шляху, а дзве — вісяць асобна на сценах касцёла. Пасля 1788 года капліцу св. Барбары замянілі на Ларэтанскую. Касцёл атрымаў новыя фрэскі.
14 снежня 1795 Гродна быў захоплены рускімі войскамі. 14 красавіка 1853 года быў ліквідаваны канвент бернардзінцаў у Гродна. На той момант у кляштары жыло ўсяго 8 манахаў. У 1858 годзе кляштар быў перададзены гарадскім уладам і там была размешчана сядзіба царскага войска. Касцёл атрымаў статус парафіяльнай святыні. У пачатку XX стагоддзя касцёл