
Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар францысканцаў — помнік архітэктуры барока з рысамі класіцызму ў в. Удзела, Глыбоцкі раён. Размяшчаецца ў цэнтры вёскі.
== Гісторыя ==
Пабудаваны ў 1766—91 гг. з цэглы на месцы драўлянага храма 1643 г., фундаванага разам з кляштарам францысканцаў Іосіфам Рыгоравічам Корсакам Удзельскім і яго жонкай Марыянай з Швыйкоўскіх. Комплекс уключаў касцёл, жылы комплекс, гаспадарчыя пабудовы, цагляную агароджу з брамай-званіцай. Узорам для стварэння касцёла з’яўляўся базыльянская царква ў Беразвеччы. Будаўніцтва мураванага жылога корпуса скончана ў 1805 г., гарэў у 1809 г. У 1837 г. галоўны фасад увянчаны трохвугольным франтонам і пазбаўлены бакавых вежаў. У гэты ж час выканана афармленне інтэр’ера ў стылі класіцызмуКляштар скасаваны ў 1851 г., касцёл пераведзены ў парафіяльны. У 1910 г. парафія налічвала 2978 вернікаў. У 1948 г. закрыты савецкімі ўладамі. У 1988 г. ўтварыўся касцёльны камітэт, які ў 1989 г. вярнуў храм парафіянам і адрэстаўраваў яго пад кіраўніцтвам кс. Ю. Булькі.
У 2002 г. на тэрыторыі касцёла адкрыты помнік Св. Максіміліяну Кольбэ.
== Архітэктура ==
Касцёл — трохнефавая 2-вежавая псеўдабазіліка з паўцыркульнай апсідай і сіметрычнымі сакрысціямі па баках. Цэнтральны неф не мае верхняга асвятлення. Усе нефы маюць аднолькавую вышыню і накрыты агульным двухсхільным дахам, што надае збудаванню важкую манументальнасць. Познебарочны характар святыні відавочны толькі ў ніжняй частцы галоўнага фасада-нартэкса. Яго хвалістая плоскасць расчлянёна 2-граннымі пілонамі і калонамі, квадратнымі плакеткамі, арачнымі экседрамі, што стварае вытанчаную нюансіроўку святла і ценю. Бакавыя і алтарны фасады расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі і лапаткамі ў прасценках.
Унутраная прастора падзелена на нефы 6 магутнымі чатырохграннымі пілонамі і перакрыта цыліндрычным скляпеннем на папружных арках і распалубках. Над прытворам размешчаны выгнутыя хоры, на якіх размяшчаўся 12-галосны арган. Барочнае афармленне інтэр’ера ў 1809 г. зменена на класіцыстычнае. Сцены апяразаны шырокім карнізным поясам, крапаваны іанічнымі канелюраванымі пілястрамі. Пад храмам крыпта з 42 пахаваннямі манахаў-францысканцаў.
Кляштарны корпус вырашаны 2-павярховым П-падобным у плане будынкам, які быў злучаны з касцёлам калідорам. Ад кляштара захавалася адно крыло, іншыя разабраны ў 1882.
Перад галоўным фасадам касцёла па восі цэнтральнага ўвахода ў 2-й палавіне 19 ст. пабудавана з цэглы квадратная ў плане двух’ярусная класіцыстычная брама-званіца.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар францысканцаў // Кулагін, А.М. Каталіцкія храмы Беларусі / А.М. Кулагін ; фатограф А.Л. Дыбоўскі. – Мн., 2008. – С. 354.
Касцёл Бязгрэшнага зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі // Кулагін, А.М. Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А.М. Кулагін ; маст. І.І. Бокі. – Мн., 2000. – С. 152-153.
Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі // Хрысціянскія храмы Беларусі на фотаздымках Яна Балзункевіча. Пачатак XX стагоддзя / уклад.: А.М. Кулагін, У.А. Герасімовіч. – Мн., 2000. – С. 161.
Касцёл францысканцаў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С.В. Марцэлеў [і інш.]. – Мн., 1985. – С. 238-239.
Костел Непорочного Зачатия Девы Марии // Духовные святыни Витебщины = Geistliche heiligtuemer des Gebiest Witebsk / текст Н.И. Степаненко, В.Г. Синковец. – Витебск, 2007. – С. 24.
Марцынкевіч, Р. Тут зноў гучыць малітва Францішка з Асіза / Р. Марцынкевіч // Веснік Глыбоччыны. – 2002. – 24 ліп. – С. 3.
Мурзіч, А. Гісторыя касцёла ў вёсцы Удзела / А. Мурзіч // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2006. – 21 кастр. – С. 2, 6.
Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 248-249.