Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі знаходзіцца ў раёне «Слабада» горада Ліда Гродзенскай вобласці, па адрасе вуліца Карла Маркса, 43.
Гісторыя
Парафія пад тытулам Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў гарадскім прадмесці Слабада была заснавана ў 1933 годзе. Так адрадзіўся тытул былой кармеліцкай святыні, якая некалі існавала ў Лідзе. Драўляны касцёл без стылёвых асаблівасцей пабудавалі на скрыжаванні вул. Райскай (цяпер Горкага) і Поўнай (не існуе). З таго часу святыня заўсёды дзейнічала, нават у савецкі перыяд, калі засталася амаль адзіным драўляным даваенным будынкам сярод новых цагляных і панэльных жылых пяціпавярховак. З 1922 г. пробашчу ў парафіі дапамагалі сёстры з Супольнасці Дачок Панны Марыі Беззаганай. Перад Другой сусветнай вайной парафія ў Слабадзе налічвала больш за 7000 вернікаў.
У 1989 г. парафіяй сталі апекавацца айцы салезіяне. У 1993 г. пачалося будаўніцтва новага касцёла з чырвонай цэглы ў стылі неаканструктывізму 1980-х гадоў паводле праекта, які да гэтага ўжо быў рэалізаваны ў г. Пётркаў-Трыбунальскі (Польшча)
Архітэктура
Інтэр’ер драўлянага касцёла, падзелены на тры нефы чатырма парамі слупоў і перакрыты падшыўной столлю (плоскай у цэнтральным нефе і схільнай паніжанай у бакавых). Яго ўпрыгожваюць тры алтары: галоўны з фігурай Найсвяцейшай Панны Марыі, левы бакавы — св. Юзафа (наверсе абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі) і правы — св. Антонія (наверсе абраз Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса). Над уваходам зроблены арганныя хоры на чатырох парах слупоў, але зараз яны не выкарыстоўваюцца.