
Касцёл Божага Цела ў Нясвіжы — архітэктурны помнік ранняга барока, першы езуіцкі касцёл, а таксама першая крыжова-купальная базіліка з бязвежавым барочным фасадам на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, радавы магільны склеп князёў Радзівілаў.
== Гісторыя ==
Касцёл узведзены ў 1587—1593 гг. па праекце італьянскага архітэктара Яна Марыі Бернардоні па фундацыі Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі. 7 кастрычніка 1601 года касцёл асвячоны. За аснову праекта, хоць і са значнымі зменамі, была ўзята планіроўка галоўнага храма езуітаў Іль Джэзу ў Рыме, збудаваны ў 1584 годзе. Аднак пры агульным кампазіцыйным падабенстве і барочнай стылістыцы нясвіжскі касцёл значна адрозніваецца, што абумоўлена мясцовымі будаўнічымі традыцыямі і патрабаваннямі заказчыка.
Кампазіцыя касцёла строга лагічная, пазбаўленая ад перанасычанасці барочнага дэкору. Магчыма, што касцёл быў на Беларусі адным з першых будынкаў, фасады якога былі атынкаваны і пабелены. Як сведчаць праектныя чарцяжы і гравюра Т. Макоўскага, першапачаткова па баках галоўнага фасада былі зроблены абарончыя цыліндрычныя вежачкі, традыцыйныя для беларускай готыкі, з вітымі лесвіцамі на эмпоры ў бакавых нефах. Пасля пажару ў сярэдзіне XVII ст. касцёл адноўлены архітэктарам О. Кругерам.
Каля 1705 г. па ініцыятыве Караля Станіслава Радзівіла распачаліся рамонтныя работы і рэканструкцыя касцёла, якія доўжыліся амаль паўстагоддзя і завяршыліся пры Міхале Казіміры Радзівіле Рыбаньцы. У выніку будаўнічых работ былі ліквідаваны эмпоры над нефамі і круглыя вежы з лесвіцамі, таксама знесены вежачкі над скарбцам і сакрысціяй, зменена форма і размяшчэнне некаторых вокнаў. Іншую форму атрымаў ліхтар над купалам. Унутры касцёла былі ліквідаваны імпосты ў аркадах паміж нефамі, іншае афармленне атрымалі гатычныя пілястры галоўнага нефа.
У 1773 г. са скасаваннем ордэна езуітаў і закрыццём калегіума, касцёл стаў фарным.
У 1912 годзе ў будынку касцёла ўсталявалі мемарыяльную дошку з партрэтам паэта, краязнаўца Уладзіслава Сыракомлі.
Храм быў пашкоджаны ў гады Другой сусветнай вайны, адноўлены ў 1944 г.
== Архітэктура ==
Галоўны фасад двух’ярусны, расчлянёны па вертыкалі пілястрамі, па гарызанталі — развітым антаблементам. Першы ярус, які займае шырыню трох нефаў, падзелены пілястрамі на пяць частак, бакавыя з якіх вылучаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі і круглымі люкарнамі. Уваходны партал завершаны лучковым франтонам. Другі ярус займае шырыню цэнтральнага нефа, расчлянёны пілястрамі на тры часткі, завершаны трохвугольным франтонам з люкарнай. Абодва ярусы кампазіцыйна аб’яднаны ўвагнутымі бакавымі прыбудовамі, упрыгожаны чатырохарачнымі экседрамі са скульптурнымі выявамі Святых Мікалая, Крыштофа, Ігнація Лаёлы, Францішка Ксаверыя. На васьмігранным светлавым барабане ўзвышаецца гранёны купал, завершаны ліхтаром з фігурным шлемам. На фасадзе храма знаходзіцца надпіс на лацінскай мове: «Пакланіся святому храму твайму ў страху сваім».
Унутры цэнтральны неф шырэйшы за бакавыя, перакрыты цыліндрычным скляпеннем з люнетамі, бакавыя нефы — крыжовымі. Распор купала пагашаецца ветразямі і падпружнымі аркамі. Прэсбітэрый аддзелены ад нефа драўлянай разной агароджай. У залу адкрыты бакавыя капліцы Св. Андрэя і Св. Пятра.
У крыпце — капліца Святога Крыжа і радавая пахавальня князёў Радзівілаў.
== Інтэр’ер ==
Інтэр’ер храма багата дэкарыраваны роспісам у тэхніцы грызайль. Фрэскамі пакрыты скляпенні цэнтральнага і бакавых нефаў, прэсбітэрыя, трансепта, нартэкса, бакавых капэл і падкупальнай прасторы. Фрэскі зроблены ў 1750—1760-я гг. з удзелам мастака К. Д. Гескага, цыкл складаецца з 40 асобных кампазіцый з адлюстраваннем сцэн алегарычнага сэнсу, выявамі святых і дэкаратыўна-арнаментальных кампазіцый.
На скляпенні прэсбітэрыя размешчана фрэска «Апафеоз каталіцкай царкве». У трансепце — сцэны з жыцця Маці Божай і Хрыста, «Ecce homo», «Ecce Mater», «Святая Сям’я», «Саламон і царыца Саўская». На скляпеннях цэнтральнага нефа шэраг сюжэтных сцэн, прысвечаных каталіцкім таінствам. У паўночн