Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі — каталіцкі храм у в. Гудагай (Астравецкі раён). Помнік драўлянага дойлідства.
Пабудаваны ў 1764 г. пры кляштары кармелітаў (не збярогся) у стылі барока.
== Архітэктура ==
Асноўны прамавугольны ў плане зруб накрыты агульным дахам з пластычна выгнутымі вальмамі над пяціграннай апсідай і шатровымі вежачкамі па краях вільчыка. Раней касцёл быў дзвюхвежавы — па баках трохвугольнага франтону ўзвышаліся два чацверыкі з гранёнымі купалкамі. Да галоўнага фасада прыбудаваныя ўваходны тамбур, па баках апсіды — нізкія сакрысціі. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі, прарэзаныя лучковымі вокнамі ў плоскіх ліштвах, умацаваныя брусамі-сцяжкамі, завершаныя прафіляваным карнізам. Уваходныя дзверы аформленыя дэкаратыўнай укладкай шалёўкі складанага малюнка.
== Інтэр’ер ==
Інтэр’ер зальны, на тарцовай сцяне апсіды кансольна размешчаная скульптура «Распяцце» пад трохвугольнай навіссю. Зала храма перакрыта плоскай столлю. Над уваходам на двух слупах хоры з арганам ракайльна-класіцыстычнай трактоўкі. Інтэр’ер упрыгожваюць тры драўляныя алтары канца XVIII ст., выкананыя ў стылі ранняга класіцызму. Алтары трохчасткавыя, у іх дэкоры выкарыстаныя іанічная каланада, драўляная скульптура, разны арнамент, капітэлі і ківоты пазалочаныя, чаканныя аправы алтарных абразоў. З боку ад галоўнага фасада размешчана аднаярусная каркасная квадратная ў сячэнні званіца з шатровым завяршэннем.
== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1993.