Шыфр : 412Г000017
Архітэктурны стыль : барока
Датаванне : 1642

Касцё́л Дабраве́шчання Найсвяце́йшай Дзе́вы Мары́і і кля́штар брыгі́так, або Касцё́л Звестава́ння Найсвяце́йшай Дзе́вы Мары́і і кля́штар брыгі́так — помнік архітэктуры ранняга барока (так званага любельскага тыпу рэнесанснага касцёла) з элементамі готыкі і рэнесансу, пабудаваны ў 1634—1642 гадах на вуліцы Язерскай (пазней вул. Скідзельская, Купецкая, Брыгіцкая), забудова якой на той час была драўлянай.
Ансамбль з’яўляецца адной з дамінант горада. Размешчаны ў гістарычным цэнтры Гродна па адрасе вуліца Карла Маркса, 27. Ансамбль былога кляштара брыгітак уключае касцёл, жылы корпус, драўляны лямус і каменную агароджу з брамай. Ансамбль з’яўляецца помнікам архітэктуры другой катэгорыі.
У архітэктурных дэталях брыгіцкага касцёла і кляштара відаць прыкметнае адхіленне ад класічных барочных форм. Гэта праявілася ў досыць вольнай трактоўцы капітэлей пілястраў карынфскага ордара, у дэкаратыўным аздабленні парталаў і асабліва — у архітэктурных матывах брам, якія толькі аддалена нагадваюць формы заходнееўрапейскай архітэктуры.
У іх невядомы беларускі майстар, атрымаўшы пэўную свабоду ад фундатара, праявіў сваё самабытнае выяўленчае дараванне.
На думку даследчыкаў, касцёл брыгітак з’яўляецца адным з самых ранніх аўтэнтычных узораў барочнага двухвежавага фасада ў сакральным дойлідстве Беларусі, а спалучэнне ў ім рэнесансных і барочных рыс надае яму асаблівую пераканаўчасць і адметнасць.
У двары комплексу захаваўся ўнікальны, самы старажытны ў Беларусі, драўляны будынак — лямус. У архітэктуры і канструкцыях гэтай пабудовы знайшлі сваё адлюстраванне традыцыі беларускага народнага дойлідства.
Кляштар — вельмі цікавы помнік архітэктуры, бо захаваўся да нашых дзён амаль без перабудоў.

== Св. Брыгіта і ордэн брыгітак ==

Назва «брыгіткі» паходзіць ад імені дачкі шведскага князя Біргера Персана — Брыгіты (у шведскай транскрыпцыі Біргіта). Нарадзілася Брыгіта ў 1302 годзе. Ва ўзросце 16 гадоў выйшла замуж за князя Ільфана, ад якога мела 8 дзяцей. Паводле паданняў была набожнай і на працягу жыцця надыктоўвала духоўнікам думкі, якія пасля яе смерці былі складзены ў асобны твор, выдадзены ў 1492 годзе пад назвай «Адкравенне святой Брыгіты».
Твор «Адкравенне святой Брыгіты» можна характарызаваць не толькі як апавяданне пра трансцэндэнтныя (недасягальныя для чалавечага розуму) перажыванні, але і як прыпавесць (або казанне), дзе аўтар угаворвае, ганьбіць, прарочыць. Мроі Брыгіты з’яўляюцца па сутнасці алегорыямі, паэтычнымі фігурамі, уласцівымі жанру Адкравення. Каталіцкая царква хоць і прызнала «Адкравенне» карысным для навучання вернікаў, але не прызнала яго праўдзіва дагматычным.
Пасля смерці мужа, у 1334 годзе Брыгіта заснавала ордэн Збавіцеля ў мясцовасці Вадстэн у Паўднёвай Швецыі, які пасля стаў называцца брыгіцкім. У 1349 годзе ордэн быў зацверджаны Папам Рымскім. Паводле статута, які напісала сама Брыгіта, асноўнай мэтай ордэна было пашырэнне культу мук Хрыста і культу Маці Божай. Статут новага ордэна быў не вельмі суровым і набліжаўся да статута св. Аўгусціна. Наадварот, суровым было стаўленне да развітання са светам праз пастаянны напамін пра смерць. Таму перад уваходам на хоры ў касцёлах брыгітак стаялі катафалкі, а абатысы штодзённа вадзілі манашак на мясцовыя могілкі. Само заснаванне ордэна лічылася праявай культу Дзевы Марыі. У статуце было запісана імкненне адпавядаць парнасці чалавека — пажадана было ў кожным горадзе засноўваць парныя кляштары — жаночы і мужчынскі. Але найчасцей кляштары ўзнікалі толькі жаночыя, так было і ў Рэчы Паспалітай.
Ордэн распаўсюдзіўся ў Паўночнай Еўропе. Нягледзячы на тое, што некалькі кляштараў брыгітак мелася ў Францыі і Італіі, у асноўным ордэн быў пашыраны ў Швецыі, Англіі і Паўночнай Германіі. На вуліцах гарадоў менавіта гэтых краін можна было ўбачыць манашак у попельных рызах і плашчах, зашпіленых на драўляныя гузікі. Але з перамогай Рэфармацыі ў вышэйзгаданых краінах, маёмасць ордэна была канфіскавана, а кляштары распушчаны. Ордэну быў нанесены моцны ўдар, ад якога ён не аправіўся, таму брыгіцкія кляштары былі рэдкімі і малавядомымі.
На тэрыторыі сучаснай Беларусі існавала толькі два кляштары брыгітак: у Гродне і ў Бярэсці. Аднак кляштар у Бярэсці быў перанесены ў Луцк і пра яго звестак не захавалася. Такім чынам, адзіны кляштар брыгітак захаваўся ў Гродне.

== Гісторыя касцёла і кляштара брыгітак ==

=== Часы Рэчы Паспалітай ===

Заснавальнікамі кляштара брыгітак лічацца надворны маршалак літоўскі Крыштаф Весялоўскі і яго жонка Аляксандра Марыяна з Сабескіх, якія ў 1634 годзе запрасілі ў Гродна ордэн брыгітак і надалі яму некалькі зямельных участкаў у самім горадзе і фальваркі ў Гарадзенскім і Ваўкавыскім паветах. Прычынай надання, пэўна, была смерць прыёмнай дачкі Грызельды. Дзякуючы фундацыі Весялоўскага ў 1636 годзе быў пабудаваны спачатку драўляны, а ў 1642 годзе і мураваны касцёл па праекту італьянскага архітэктара Бенедэта Молі ў стылі ранняга барока. Першыя 8 сясцёр-брыгітак на чале з Даротай Фірлей прыбылі ў Гродна з Любліна ў 1634 годзе і пасяліліся спачатку ў драўляным лямусе, пабудаваным у тым жа годзе. Ужо 6 снежня 1636 года адбыўся ўрачысты ўваход васьмі сясцёр-брыгітак у манастыр. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Гродне захоўваецца «Рэестр маёмасці кляштара брыгітак» ад 1636 года, дзе пералічаны званы, літургічныя ўборы, палатно, посуд, скрыні і зялёная шафа. У студзені 1637 года ў касцёл перавезлі з Вільні прах Грызельды, а ў красавіку тут пахавалі Крыштафа Весялоўскага. Кароль Уладзіслаў Ваза выдаваў кляштару прывілеі ў 1638 і 1643 гадах.
У 1646 годзе Іаган Шрэтэр стварыў для касцёла алтарныя карціны: «Дабравешчанне», «Святая Брыгіта», «Святая Ганна», «Беззаганнае зачацце Дзевы Марыі» і інш.

Храм быў асвечаны 19 кастрычніка 1651 года віленскім біскупам Юрыем Тышкевічам у гонар Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Касцёл меў сем алтароў, галоўны быў асвечаны ў гонар Дабравешчання, іншыя былі ў гонар святога Аўгусціна, святога Іосіфа, святой Брыгіты, святой Ганны, святога Казіміра, святой Кацярыны Шведскай. Таксама ў касцёле захоўваліся рэліквіі святога Клімента, які лічыўся заступнікам Гродна, сапраўднасць рэліквіі пацвярджалі дакументы Рымскай курыі (1768) і віленскага біскупа (1780).
А. Сабеская адпісала кляштару мястэчка Крамяніца, фальваркі Князева, Мартынаўшчына, Вузлаўцы, Шылавічы, Задвор’е, Рагозніца, выдаткавала грошы на шпіталь. Першай ігуменняй у 1640 годзе была люблінская ваяводавая Ганна Сабеская, родная сястра Аляксандры Весялоўскай.
Кляштар моцна пацярпеў падчас шведскай акупацыі Гродна ў час вайна Расіі з Рэччу Паспалітай, калі манахіні былі вымушаны пакінуць Гродна і тры гады жыць у Гданьску, пакуль кляштар не быў абноўлены.
Паводле Статута і практыкі брыгіцкага ордэна, у кляштар прымалі дзяўчат са шляхецкіх і магнацкіх сем’яў, звычайна іх колькасць была каля 20-30 чалавек, а максімальная іх колькасць была 40. Так, у 1745 годзе іх колькасць была 31. Духоўнікамі гродзенскіх брыгітак былі ксяндзы-бернардзінцы. Аднак, у 1752 годзе брыгіткі адмовіліся ад паслуг бернандзінцаў з-за таго, што іх правінцыял Мадэст Унароўскі змяніў духоўніка без згоды манашак. Некаторы час духоўнікамі брыгітак былі дамініканцы, кармеліты, езуіты. З 1759 года брыгіткі зноў вярнуліся да паслуг бернандзінцаў. З канца 18 стагоддзя ў кляштары выхоўвалі дзяўчынак-сірот са шляхецкіх сямей.
Галоўнымі храмавымі святамі былі Дабравешчанне, дні памяці святых Кацярыны, Клімента, Аўгусціна, Брыгіты і апостала Пятра.
У 1684 годзе ў Вільні спецыяльна для манашак быў выпушчаны малітоўнік «Breviarium monialum» (спецыяльны дапаможнік з малітвамі і апісаннем ходу богаслужэння). Займаліся манашкі і гаспадарчай працай, выраблялі прадукты на продаж у Гродне і яго наваколлях. Кожны год у Каралявец з маёнткаў кляштара водным шляхам адпраўлялася збожжа, а адтуль везлі соль, жалеза, посуд, духмяныя карані. Таксама кляштар брыгітак быў вядомы вытворчасцю воску.

=== У складзе Расійскай імперыі ===

Пасля пажару 1827 года на комплексе праводзіліся рамонтныя работы, дабудоўваецца яшчэ адна частка кляштара з боку касцёла, якая замкнула кляштарны будынак і касцёл, утварыўшы прамавугольны ўнутраны падворак.

У 1842 годзе расійскія ўлады выдалі загад аб скасаванні кляштара ордэна Святой Брыгіты ў Гродне. Самім сёстрам аднак дазволілі заставацца ў старых мурах да канца іх жыцця. Акрамя таго, ў кляштары пасялілі манашак з зачыненых кляштароў: бенедыкцінак з Нясвіжа, брыгітак з Луцка і дамініканак з Наваградка.
У 19 стагоддзі царскія ўлады выкарыстоўвалі пабудовы брыгіцкага кляштара (гэтак жа як і езуіцкага) у якасці турмы. Сюды ў 1827 годзе змясцілі па рашэнню суда Карнелію і Ксаверыю Рукевіч, удзельніц руху дзекабрыстаў і сясцёр вядомага філамата і члена таварыства «Ваенныя сябры» Міхала Рукевіча (1794—1841). Згодна з царскім прысудам «сясцёр шляхціца Рукевіча Ксаверыю і Карнелію замест вызначанай ім Яго Высокасцю кары трымаць у кляштары: Ксаверыю — адзін год, а Карнелію — шэсць месяцаў». Сёстры прабылі ў кляштары брыгітак: Ксаверыя — з 22 мая 1827 па 3 чэрвеня 1828, Карнелія — з 22 мая па пачатак снежня 1827 г..
За ўдзел у паўстанні Кастуся Каліноўскага 1863 года расійскія ўлады налажылі кантрыбуцыю на рымска-каталіцкае духавенства. Гродзенскі брыгіцкі кляштар, як кляштар першай катэгорыі, павінен быў унесці ў казну 553 рублі, што было на той час вялікай сумай.
Касцёл і кляштар ледзь уцалелі падчас пажару 1885 года, хаця была пашкоджана пажарам званіца, паплавіліся званы і нават згарэлі знешнія дзверы касцёла. У 1891 у кляштары засталося 5 манашак, а ў 1907 годзе ўсяго 2 састарэлыя сястры (ды яшчэ дзве так званыя «аспіранткі»), для апекі над якімі архібіскуп віленскі Эдуард Роп дамогся ад улад прыняцця кандыдатак. Апошняй з сясцёр-брыгітак была Элеанора Скржэндзеўская.

У 1908 годзе кляштар перадалі пад апеку ордэна Святой сям’і з Назарэта і яго генеральнай маці Лаўрэты. Першай абатысай кляштара назарыцянак у Гродне стала маці Паўла. У верасні 1908 года маці Паўла (да гэтага даволі вядомая мастачка Марыя Гажыч, якая прадала свой маёнтак Тапаляны і ўсе атрыманыя грошы аддала на рэканструкцыю касцёла і кляштара брыгітак; пасля смерці пахавана на старых каталіцкіх могілках на вуліцы Антонава) атрымала ад улад пацвярджэнне становішча настаяцельніцы брыгітак. Разам з ёю ў Гродна прыехалі яшчэ дзве сястры, а пазней яшчэ тры. 3 1909 года пробашчам пры кляштары быў Ф. Грынкевіч (1884—1933) — беларускі рэлігійны і культурны дзеяч. У той жа год у касцёле адбываецца першая так званая «чэрвеньская служба».

=== Найноўшы час ===
Падчас нямецкай акупацыі сёстры адкрылі першую ў Гродне польскую гімназію, і да пачатку другой Сусветнай вайны ў будынках кляштара знаходзілася школа назарыцянак, у якой вучылася 200 дзяцей. У 1935 годзе гарадскія ўлады разглядалі пытанне аб выдзяленні сродкаў на рэстаўрацыю будынка кляштара.
Падчас Другой сусветнай вайны сёстры-назарыцянкі былі дэпартаваны ў Старабельск (Варашылаўградская вобласць).
25 сакавіка 1950 года рашэннем гарвыканкама касцёл быў зачынены, а кляштар выкарыстоўваўся спачатку як дзіцячы садок, а пасля як псіхіятрычная бальніца і іншыя медыцынскія ўстановы. У 1961 годзе даследчыца архітэктуры А. Квітніцкая ў падвалах касцёла знайшла архіў кляштара, а мастацтвазнавец А. Аладава — партрэты Крыштафа і Аляксандры Весялоўскіх, Грызельды Вадынскай. Яны былі адрэстаўраваны ў Дзяржаўным Рускім музеі А. Брындаравым і цяпер выстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь у Мінску. У 1970—1980 гадах у касцёле вяліся рэстаўрацыйныя работы, меркавалася выкарыстоўваць касцёл пад канцэртную залу з-за добрай акустыкі памяшкання.
У 1990 годзе касцёл перададзены каталіцкаму касцёлу і 2 чэрвеня 1992 асвечаны архібіскупам Т. Кандрусевічам як касцёл Дабравешчання Дзевы Марыі, а пасля пабудовы новага будынка псіхіятрычнай лячэбніцы ў Гродне, будынак кляштара быў таксама перададзены вернікам. Зараз у ім вядуцца рамонтныя работы.
У чэрвені 2016 года скончылася рэканструкцыя часткі кляштара пад Дом міласэрнасці (архітэктар Алег Шымбарэцкі).

== Роля комплексу ў забудове Гродна ==

17 стагоддзе было для Гродна часам інтэнсіўнага будаўніцтва касцёлаў і кляштароў. Акрамя ўжо існаваўшых Фарнага касцёла (не захаваўся), касцёла Св. Духа (не захаваўся) і Бернандзінскага мужчынскага кляштара з касцёлам з’явіліся Бернандзінскі жаночы (не захаваўся), Брыгіцкі, Езуіцкі, Дамініканскі (не захаваўся), Францысканскі, Кармеліцкі (не захаваўся), Баніфатэрскі (не захаваўся) кляштары і касцёлы. Яны сталі апорнымі пунктамі ўсяе планіроўкі горада і мелі вызначальную ролю ў яго архітэ

Шыфр : 412Г000017
Архітэктурны стыль : барока
Датаванне : 1642
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты