Касцёл Адведзін Найсвяцейшай Дзевы Марыі — каталіцкі храм, знаходзіцца на галоўнай вуліцы ў вёсцы Тракелі (Воранаўскі раён). Дзейнічае. Помнік архітэктуры. Касцёл мае ў сваім архітэктурным выглядзе рысы і барока, і класіцызму.
== Гісторыя ==
Пабудаваны ў 1809 г. з дрэва на месцы касцёла 1740 г. У 1928 г. адрамантаваны. Пасля апошняга рамонту страціў сваю аўтэнтычную вертыкальную ашалёўку і гонтавы дах, а разам з імі — мастацкую выразнасць і сапраўднасць.
Упершыню касцёл у Тракелях узгадваюцца ў 1433 годзе ў лісце вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча, дзе ён пацвярджае Яну Гаштольду ягоную ўласнасць Тракеляў. З канца XVI ст. тут аселі езуіты, і з таго часу да 1865 года Тракелі разам з Дворышчам утваралі адзіную гаспадарку. Пасля належалі Нікіціным, Языкавым.
Касцёл пад тытулам Наведзінаў Найсвяцейшай Марыі Панны (Звеставання Найсвяцейшай Марыі Панне), згодна з традыцыяй, быў заснаваны тут у 1500 годзе віленскім ваяводам Марцінам Гаштольдам. І першы касцёл, і новыя святыні, якія будавалі на гэтым месцы ў 1680 годзе (пасля знішчэння ў 1656 г. падчас «крывавага патопу», зноў знішчаны пажарам у 1674, адбудаваны езуітамі ў 1680 і кансэкраваны 4 ліпеня 1687 года біскупам Цернопальскім, суфраганам прэлатам віленскім Габрыэлем Сільніцкім) былі драўляныя. Аднак тады касцёл стаяў у паўночнай частцы вёскі, прыкладна ў 500—600 м ад цяперашняга, каля шашы на Ліпнішкі.
На новым месцы, дзе дзейнічае і сёння, таксама драўляны, касцёл быў узведзены ў 1830 годзе на ахвяраванні мясцовага землеўладальніка Стэфана Незабытоўскага, падкаморыя навагрудскага. Святыня рэстаўравалася на сродкі парафіян у 1866, у 1928 сцены былі ашаляваны звонку і ўнутры, у 1950-х гонтавы дах замянілі бляшаным.
Да тракельскай парафіі з ХVIII ст. адносіліся капліцы ў Гімбутах, Дворышчы і на мясцовых парафіяльных могілках (апошняя, драўляная васьмігранная з абразом Маці Божай у алтары, знікла прыкладна ў сярэдзіне ХІХ ст.). У ХVIII-ХІХ ст. пры парафіі дзейнічалі шпіталь і школка.
Пасля Другой сусветнай вайны савецкія ўлады не аднойчы спрабавалі зачыніць касцёл. У 1968 парафію знялі з рэгістрацыі (у 1961—1975 касцёл стаяў зачынены), але вернікі змаглі абараніць святыню. Дваццаць гадоў ішло супрацьстаянне, рэгулярна служылася імша, больш таго, парафіяне адрамантавалі касцёл. У жніўні 1988 тракельская парафія ізноў была афіцыйна зарэгістравана.
Раней тракельская парафія ўваходзіла ў склад Лідскага дэканата, з 1991 знаходзіцца ў Радунскім дэканаце. У 1994 касцёл у Тракелях атрымаў статус дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай (фэст — першая субота ліпеня). У 1997 перад касцёлам пабудаваны навес для вулічных набажэнстваў падчас пілігрымак.
З 1970-х гг. занесены ў спіс помнікаў архітэктуры.
== Архітэктура ==
Помнік народнага драўлянага дойлідства з элементамі барока і класіцызму. Будынак складаецца з аднолькавых па вышыні прамавугольных зрубаў прытвора, асноўна