
Кама́і (трансліт.: Kamai, руск.: Камаи) — аграгарадок у Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці. Уваходзіць у склад Камайскага сельсавета.
Знаходзіцца на ўсходнім беразе возера Камаі (малое), якое злучана пратокай з другім возерам (вялікім), а з апошняга выцякае рака Камайка даўжынёй 51,6 км, правы прыток Бірветы.
== Назва ==
Існуе дзве версіі паходжання назвы Камаі.
Назва Камаі паходзіць ад літоўскага kamanas, якое абазначае аброць. Існуе паданне, што нейкі воін загінуў, уцякаючы на кані праз возера, бо так нацягнуў повад, што аброць не вытрымала і парвалася.
Назва выводзіцца з фінскага слова kamai — хлуд, буралом. Гэтая версіі мае і матэрыяльнае пацвярджэнне: у даваенны час на дне рэчышча Камайкі знаходзілі 12-ці мятровыя ствалы моранага дуба-тапельца, якія маглі быць звалены пад час нейкага стыхійнага бедства, утварыўшы такім чынам на беразе ракі буралом.
== Гістарычны нарыс ==
У VII ст. да н.э. — IV ст. н.э. на левым беразе ракі Камайкі на паўднёвым мысе ўзгорка ля вёскі Дзяўгуны існавала гарадзішча. Упершыню згадваецца ў пачатку XVI ст. як маёнтак князя Глеба Юр’евіча Пронскага.У 1513 годзе Глеб Пронскі загінуў пад Мінскам у бітве з татарамі і маёнтак перайшоў у валоданне яго жонкі, а ў 1533 да сыноў Андрэя і Фрыдрыха (Сямёна) Пронскіх. Фрыдрых, ваявода кіеўскі, памер у 1555 годзе. У 1550 г. згадваюцца як мястэчка. З 1572 года ўладальнікам Камаяў стаў яго сын Аляксандр. Ён распрадаў большасць сваіх маёнткаў, у т.л. і Камаі, якія набыў Тамаш Рудаміна-Дусяцкі.
З 1592 года Камаі перайшлі да браслаўскага войскага Яна Рудаміны-Дусяцкага, які ў 1603—1606 гг. пабудаваў тут мураваны касцёл Яна Хрысціцеля. З 1643 г. пры касцёле існаваў шпіталь на 5 мужчын і 13 жанчын, падараваны П. і М. Рудамінамі. У 1690 г