Гродзенскі дамініканскі касцёл — помнік архітэктуры барока. Існаваў у Гродне ў XVI — канцы XIX стагоддзяў. Размяшчаўся на месцы скверыка па вуліцы Савецкая паміж сучаснымі дамамі № 6 і 8, якія захаваліся да нашых дзён.
Традыцыйна лічыцца, што касцёл дамініканцаў у Гродне заснаваны на падставе прывілея Жыгімонта III у 1632, а ў 1633 касцёл ужо пабудаваны на фундацыю Фрэдэрыка і Хрысціны Сапегаў. Тым не менш, пра дзейнасць гродзенскіх дамініканцаў у 17 ст. нічога не вядома. У 1737 прыёрам гродзенскіх дамініканцаў стаў Т.Ганусевіч, які пачаў «мураваць новы кляштар», што дае падставу меркаваць, што дагэтуль існаваў драўляны кляштар пры мураваным касцёле. Касцёл быў асвячоны ў імя Прасвятой Дзевы Марыі Ружанцовай.
Аблічча касцёла дапамагае ўявіць «Інвентар Гродзенскага касцёла і кляштара дамініканцаў 1830 года» (захоўваецца ў Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы ў Вільні), у якім адзначана, што касцёл пабудаваны ў 1708, што хутчэй за ўсё з’яўляецца датай адной з рэканструкцый касцёла. У інвентары пазначана, што «касцёл у плане прамавугольны з закругленнем каля Вялікага алтара, з дзвюма вежамі і фацыятай паміж імі, з бабінцам… і дзвюма падоўжанымі капліцамі. Касцёл накрыты дахоўкай. Капліцы, якія дасягаюць вышыні паловы касцёла, накрытыя: адна — дахоўкай, другая — гонтам».
Захаваўся таксама фотаздымак 2-й паловы 19 ст., на якім відаць галоўны фасад касцёла. Таксама касцёл адлюстраваны на малюнку Н. Орды (на якім часта памылкова зазначаецца брыгіцкі касцёл).
Улічваючы інвентар і фотаздымак, а таксама захаваныя планы касцёла, можна ўявіць гэты помнік архітэктуры як бяскупальнае трохвугольнае з апсідай збудаванне, у якім вышыня апсіды аднолькавая з вышынёй цэнтральнага нефа. Апсіда аддзяляецца ад нефа толькі падпружнай аркай, маючы агульны з асноўным аб’ёмам даха. Трох’ярусная з дзвюма вежамі кампазіцыя галоўнага фасада была ўпрыгожана жалезнымі крыжамі на вежах і атыкам.
Хоры для манахаў размяшчаліся за галоўным алтаром і былі драўляныя, а над бабінцам знаходзіліся вымураваныя з цэглы музычныя хоры, аздобленыя драўлянай разьбой. Пад касцёлам меліся падвалы, куды вялі драўляныя лесвіцы. Тут знаходзілася крыпта (капліца для ганаровых пахаванняў), але ў гэтай якасці падвал не выкарыстоўваўся ўжо ў 19 ст. Да будынка кляпгтара былі далучаны сакрысція з печчу і скарбніца. Абодва памяшканні мелі скляпенні. Дзверы касцёла, зробленыя з магутных дошак, аздабляла жалезная акоўка. Будынак быў атынкаваны звонку і ўнутры. Як адзначалася ў інвентары, у 1830 будынак быў моцны і надзейны.
Інтэр’ер касцёла ўпрыгожвалі 11 алтароў з абразамі, выкананымі жывапісам. Туг жа знаходзіліся старадаўнія (магчыма, з 17 ст.) партрэты фундатараў касцёла — Сапегаў. У касцёле ў час літургіі выкарыстоўваліся шмат каштоўных рэчаў: больш за 100 сярэбраных манстранцыяў, пушак і келіхаў, звыш 200 падсвечнікаў, каядэлябраў і лямпаў, зробленых са шкла, металу і керамікі. Цікавым элементам інтэр’ера скарбніцы і сакрысціі былі 9 маляваных шафаў, якія да нашых дзён не захаваліся.
Дамініканскі касцёл быў адным з самых прыгожых у Гродне, пра што ў час наведвання горада напісаў Ю. У. Нямцэвіч. Уяўленне пра будынак кляштара, вымураванага ў 1737, дае чарцёж фасада шляхецкага пансіёна, які захаваўся ў Вільні. На гэтам чарцяжы ёсць праект перабудовы будынка дамініканскай школы пад пансіён, выкананы ў 1836. Праект пададзены на фасадзе старога будынка, які існаваў да ажыццяўлення новага праекта. Гледзячы на фасад старой дамінікан