Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса — драўляны каталіцкі храм у в. Сейлавічы Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. Знаходзіцца ва ўсходняй частцы вёскі.
== Гісторыя ==
Пабудаваны ў XIX стагоддзі з дрэва. Па іншых дадзеных, першапачаткова ўзведзены як уніяцкая царква ў XVIII стагоддзі. Па выніках усеагульнага перапісу 1897 года, у вёсцы Сейлавічах пражывалі 544 праваслаўных вернікаў, а ў аднайменным засценку — 495 католікаў.
Парафія пры касцёле ўтварылася ў 1920 годзе. Станам на 1934 год, касцёл адносіўся да Нясвіжскага дэканата Пінскай архідыяцэзіі. Пробашчам прыхода з 1932 года з’яўляўся айцец Дамінік Юзаф, забіты ў 1942 годзе ў Нясвіжы.
Прыход адноўлены ў 1990-я гады. У 2016 годзе касцёл наведаў архібіскуп Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. На цяперашні час настаяцелем у прыходзе служыць ксёндз Пётр Шарко.
== Архітэктура ==
Помнік архіэктуры народнага дойлідства. Касцёл вырашаны прамавугольным у плане аб’ёмам пад вільчыкавым дахам, які пераходзіць у вальмавы над пяціграннай апсідай. Трохвугольны франтон фасада завершаны чатырохграннай шатровай сігнатуркай. Уваход вырашаны нізкім прамавугольным прытворам пад двухсхільным пакрыццём. Гарызантальна ашаляваныя бакавыя фасады расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі і брусамі-сцяжкамі ў прасценках.
З сейлавіцкага касцёла паходзіць абраз XVIII стагоддзя «Святая Сям’я» (тэхніка — палатно і алей), які захоўваецца зараз у Музеі старажытнабеларускай культуры. Гэты твор невядомага майстра па непацверджаных звестках першапачаткова захоўваўся ў адным з нясвіжскіх касцёлаў. Дадзены абраз выразна адрозніваецца спрошчаным і менш удалым выкананнем, пры спробе захаваення кампазіцыйнай будовы пратографа.
Асаблівай увагі патрабуе паяўнасць німба па-над Святым Іосіфам, наяўнасць у Марыі і Ісуса як карон, так і ззяння.
== Літаратура ==
Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд.. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5.