
Заслаўскі касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі — помнік познебарочнай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага.
== Гісторыя ==
У 1627 годзе збудаваны першы драўляны храм пры Мікалаі Глябовічы.
У 1755 годзе пачата будаўніцтва новага парафіяльнага касцёла імя Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі па фундацыі тагачаснага ўладальніка Заслаўя падканцлера ВКЛ Антонія Пшаздзецкага. Цэглу дастаўлялі для будаўніцтва касцёла на падводах з Мінска, са збудаванага там Пшаздзецкім цагельнага завода. Пры жыцці графу Пшаздзецкаму не ўдалося завяршыць будаўніцтва касцёла. Прычына магла палягаць і ў неабходнасці пераважнага пражывання па-за Заслаўем, так і з прычыны надзвычай актыўнай дзейнасці магната.
У сваім завяшчанні граф запісаў: Калі ж мой Бог не паспрыяе мне ў справе завяршэння будаўніцтва касцёла Заслаўскага пры жыцці маім, то абавязваю гаспод апекуноў сына майго малодшага і выканаўцаў волі маёй паводле тэстамента, каб абавязкова, і як мага хутчэй, завяршылі гэтую справу, збіраючы даходы з маёнткаў Заслаўя; дзеля завяршэння будаўніцтва касцёла. Сын мой Міхал павінен выдаткаваць апекунам майго малодшага сына 10.000 злотых польскіх. З іх 23 красавіка бягучага года 5.000 злотых польскіх, і ў будучым 1773 г. таго ж дня і месяца яшчэ 5.000 злотых. Гэтыя сродкі павінны прызначацца, галоўным чынам, на аздабленне інтэр’ера касцёла.Па смерці Антонія Пшаздзецкага, паколькі малодшы яго сын Дамінік быў яшчэ малалетнім, галоўная адказнасць за дабудову касцёла лягла на старэйшага брата Міхала, што ажаніўся з Марыяй з Мастоўскіх. Для аздаблення інтэр’еру касцёла ён запрасіў вядомых майстроў. Ляпніну і скульптурныя кампазіцыі выканаў Караль Ельскі, які пачынаў як лепшчык у 1778—1782 гадах разам з архітэктарам Карла Спампані. Жывапісныя творы для касцёла належалі пэндзлю Антонія Смуглевіча, вучня Я. Плерша, які быў 34 вядомым тэатральным дэкаратарам і ўваходзіў у Варшаўскае тэатральнае таварыства пад кіраўніцтвам В. Багуслаўскага. Кіраваў работамі па аздабленню касцёла італьянскі архітэктар Карла Спампані.
8 верасня 1779 года новазбудаваны касцёл быў асвечаны.
Як вынікае з рапарта плебана епіскапу Менскаму і Валынскаму за 1797 год, у школе пры касцёле дзяцей вучылі чытаць на рускай і польскай мовах, а таксама латыні і ігры на клавікордах.
1848: адрамантаваны інтэр’ер і фасад касцёла.
1851: побач з касцёлам была збудавана драўляная званіца.
1863: з пачаткам паўстання 1863—1864 гадоў касцёл быў зачынены царскімі ўладамі.
1868: касцёл пераасвечаны пад праваслаўную царкву Ражства Багародзіцы.
1874—1878: інтэр’ер і фасад храма былі перароблены згодна з праектам губернскага архітэктара С. Іванова, на што з казны было выдаткавана 7 тыс. рублёў.
1926: пастановай СНК БССР узяты пад дзяржаўную ахову і набыў статус помніка архітэктуры.
да 1941 дзейнічаў.
1941—1944: быў значна пашкоджаны.
1987—1998: рэстаўрыраваны і перададзены каталікам.
2007—2008: адноўлены інтэр’ер касцёла.
== Архітэктура ==
Аўтарам завяршэння касцёла быў Карла Спампані, які працаваў у Заслаўі і, у прыватнасці, узвеў для Пшаздзецкага палац.
Познебарочны храм вырашаны ў форме аднанефнага збудавання з паўкруглай апсідай і двума сакрыстыямі. У выніку перабудовы пад царкву хвалепадобны барочны шчыт быў заменены на невысокую вежу званіцу, а над асноўным аб’ёмам быў узведзены вялікі сферычны купал. Вельмі цікавае вонкавае вырашэнне касцёла: галоўны і бакавыя фасады падзелены гарызантальным поясам на два паверхі. Сцены храма дасягаюць таўшчыні 2 метраў, таму унутраны аб’ём вельмі невялікі.
Пад храмам размяшчаюцца скляпы, у якіх у 1860—1870 гадах была створана царква-крыпта.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Заслаўскі Фарны касцёл // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — С. 547. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Заслаўя. Мн., 2000.
Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. Мн., 2001. ISBN 985-11-0199-0.
Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 262—263.