Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар кармелітаў — сакральны комплекс у г. Мсціславе. Помнік архітэктуры барока і ракако рэспубліканскага значэння.
== Гісторыя ==
Першым у Мсціславе прывілеем караля Жыгімонта III Вазы ў 1614 г. быў заснаваны фарны касцёл ля падножжа Замкавай гары, пры якім ў 1637 г. быў заснаваны кляштар кармелітаў. Касцёл пры манастыры першапачаткова быў драўляным і непрыкметным.
Аб даце будаўніцтва Успенскага кляштара і мураванага касцёла кармелітаў у Мсціславе можна меркаваць толькі па ўскосных даных, а дакладней, толькі па спасылках на ўжо не існуючыя дакументы XVII і XVIII стст. Закладзены касцёл у 1-й палове XVII ст. на месцы старога драўлянага храма, узводзіўся Караля Якуба Мадалінскага. З 1648 года Мсціслаў быў ахоплены казацкімі хваляваннямі, у 1654 годзе пасля ўзяцця Мсціслава маскоўскімі войскамі манахі-кармеліты былі перабіты, гэтай падзеі прысвечаны дзве цэнтральныя фрэскі храма. Дабудоўваўся касцёл значна пазней, праз некалькі дзесяцігоддзяў, у другой палове XVII ст.
Касцёл фундаментальна перабудаваны ў 1746—1750 гг. архітэктарам І. К. Глаўбіцам (перайначаныя форма даху, дэкор галоўнага фасада і інтэр’ера, завяршэнні трох’ярусных вежаў) і часткова ў 1887 г.
== Архітэктура ==
=== Касцёл ===
Касцёл — мураваная трохнефная шасцістаўповая базіліка з дзвюхвежавым фасадам і пяціграннай алтарнай апсідай, да якой з поўдня прылягае кляштар — двухпавярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак, накрыты вальмавым дахам (у інтэр’еры збераглася размалёўка XIX ст.). Сцены касцёла атынкаваныя і аздобленыя пілястрамі. Драўляныя скляпенні ўнутры больш познія.
==== Інтэр’ер ====
Інтэр’ер багата аздоблены лепкай і фрэскамі (сярэдзіна XVIII ст.), якія размешчаныя на паўднёвай, паўночнай і алтарнай сценах галоўнага нефа і на скляпеннях бакавых нефаў. Збераглося каля дваццаці кампазіцый, з якіх найбольшую мастацкую каштоўнасць маюць партрэт фундатара і сюжэты на гістарычную тэматыку: «Узяцце Мсціслава маскалямі ў 1654 г.» і «Забойства ксяндзоў». Гістарычную цікавасць мае панарама камяніц тагачаснага Мсціслава. Каляровая гама размалёвак на рэлігійныя тэмы мяккая, пабудаваная пераважна на жоўта-карычневых і шэра-блакітных колерах. Сцэны на гістарычныя сюжэты маюць больш разнастайную каляровую гаму. У кампазіцыі адчуваецца перспектыўна-прасторавы план, аб’ём.
Інтэр’ер
=== Брама ===
Каля касцёла пабудаваная цагляная брама, якая вырашаная ў выглядзе рознавялікіх паўцыркульных арак. Па баках брамы ўзвышаюцца невялікія пінаклі. Над шырокай цэнтральнай аркай раз