Шыфр : 112Г000148
Архітэктурны стыль : барока
Датаванне : 1795
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Касцёл_Найсвяцейшай_Дзевы_Марыі_(Сігневічы)

Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі — мураваны каталіцкі храм у аграгарадку Сігневічах Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці, адзін з апошніх помнікаў архітэктуры сармацкага барока на тэрыторыі Беларусі. Цэнтр парафіі Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай. Таксама вядомы як Касцёл Апекі Маці Божай Ружанцовай, Пакроўскі касцёл, Пакроўская царква.

== Гісторыя ==
Першы драўляны касцёл у Сiгневiчах быў заснаваны ў 1534 (1548) годзе Фларыянам і Ганнай Рудагоўскімі. У 1785 годзе на яго месцы будуецца новы цагляны храм, пры якім дзейнічалі школа і шпіталь. Фундатарам касцёла быў ўладальнік маёнтка Юзаф Прозар разам з жонкай Марыяй. Пасля смерці Юзафа, яго цела ў 1788 годзе было пахавана ў касцёле.
У 1848 годзе тагачасны ўладальнік Сігневічаў граф Рамуальд Лей-Нейгеф правёў рэстаўрацыю касцёла, пасля якой ён стаў называцца Пакроўскай царквой. Тым не менш, парафія працягвала існаваць, і станам на 1853 год налічвала 1553 вернікаў, пробашчам быў ксёндз Міхал Скібіцкі. На тэрыторыі прыхода знаходзілася капліца ў Міжлессі, царскі ўрад вылучаў 275 рублёў на падтрымку святароў. 3 закрыццем касцёла ў Бярозе, усё яго начынне 4 красавіка 1866 года было перададзена ў Сігневіцкі храм.
У 1899 годзе новая ўтрымальніца касцёла Ганна Мікульская аднавіла будынак. Па звестках 1911 года, прыход налічваў 1128 вернікаў. Падчас Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе касцёл быў спалены рускімі войскамі. Адноўлены ў 1922 годзе намаганнямі шляхцічаў Лей-Нейгефаў пры дапамозе святара Ізідора Нідрашлянскага. У міжваенны час колькасць парафіян складала прыкладна 1600 чалавек, у 1938 годзе дасягала 2068 вернікаў. Працы па аднаўленні будынка ў 1939 годзе праводзіў ксёндз Далінец, аднак пасля яго арышту ў 1949 годзе савецкія ўлады ператварылі касцёл у склад мінеральных угнаенняў.
У 1989 годзе дзякуючы намаганням вернікаў будынак быў вернуты каталіцкай грамадзе. Пабудова знаходзілася ў дрэнным стане, была цалкам разбурана (засталіся толькі сцены, на якіх раслі дрэвы). Намаганнямі ксяндза В. Касінскага і прыхажан касцёл быў адрамантаваны і рэкансэкраваны 22 кастрычніка 1991 года біскупам Казімірам Свёнтакам. У 2007 годзе будынак быў занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.

== Архітэктура ==
Размешчаны ў паўднёвай частцы вёскі. Помнік архітэктуры з рысамі барока, паводле Т. В. Габрусь — сармацкага барока. Мураваны аднанефавы храм з паўкруглай апсідай і слаба развітым трансептам. Бакавыя крылы трансепта аб’яднаны з сакрысціямі ў невысокіх бакавых прыбудовах. Сцены расчлянёныя лапаткамі. Двухярусны галоўны фасад завершаны дзвюма вежамі з атыкавым франтонам паміж імі. Плоскасці фасадаў раскрапаваны пілястрамі і прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Дах пакрыты жалезам (раней — гонтам), двухсхільны пад нефам і вальмавы над апсідай.
Касцёл мае тыповую для помнікаў сармацкага барока аднанефавую структуру з масіўнымі вежамі, якія выступаюць за межы нефа і атыкавым франтонам, што закрывае тарэц даху паміж вежамі. Кампазіцыя будынка важкая і прысадзістая, што абумоўлена ўплывам класіцызму пры захаванні барочнай архітэктонікі. Архітэктурнай асаблівасцю храма з’яўляюцца невялікія сіметрычныя прыбудовы з аднасхільнымі дахамі, у якіх спалучаюцца рудыменты трансепта і сакрыстый.
У інтэр’еры асноўнае зальнае памяшканне злучана аркавымі праёмамі з апсідай і бакавымі памяшканнямі трансепта. Над прытворам размешчаны хоры. Бакавыя сцены раскрапаваны пілястрамі, якія ўверсе злучаны паўцыркульнымі і лучковымі аркамі. Перакрыцце бэлькавае, з падшыўной столлю.
Арыгінальная дэкаратыўная аздоба інтэр’ера не збераглася. Колішні алтар быў знішчаны за савецкім часам, цяперашні алтар сучасны, выкананы віленскімі майстрамі. З левага боку, над уваходам у сакрысцію, уладкаваны абраз Святога Сямейства, насупраць знаходзіцца абраз Божай Міласэрнасці. На бакавых сценах размешчаны 13 абразоў, захаваных вернікамі пасля закрыцця касцела, якія адлюстроўваюць крыжовы шлях Хрыста. Таксама ў храме захоўваецца манстранц 1877 года.

== Пробашчы ==

== Зноскі ==

== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Брэсцкая вобласць. — 368 с., іл.
Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд.. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5.
Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.

Шыфр : 112Г000148
Архітэктурны стыль : барока
Датаванне : 1795
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Касцёл_Найсвяцейшай_Дзевы_Марыі_(Сігневічы)
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты