Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — каталіцкі храм у в. Беніца (Маладзечанскі раён). Помнік архітэктуры позняга барока.
== Гісторыя ==
У 1701 г. кашталян троцкі Міхал Казімір Коцел выдаў фундуш на будаўніцтва касцёла ў сваім маёнтку. Пабудаваны касцёл быў перададзены бернардзінцам, якія пазней па фундушу таго ж Коцела пабудавалі побач кляштар. У 1704 г. узведзеныя будынкі былі асвячоны. У канцы XVIII ст. касцёл стаў парафіяльны. Вядома, што пры кляштары знаходзілася школа.
У 1851 г. кляштар скасаваны, у 1866 г. касцёл перароблены пад царкву, а жылы корпус пасля 1863 г. зруйнаваны. У канцы ХІХ ст. руіны кляштара былі разабраны тагачасным уладальнікам мястэчка К. Швыкоўскім. У 1919 г. касцёл вернуты каталікам, у 1948 г. закрыты. Цяпер знаходзіцца ў стане рэстаўрацыі.
== Архітэктура ==
=== Касцёл ===
==== Экстэр’ер ====
Касцёл уяўляе сабой двухвежавы крыжападобны ў плане будынак, з пяціграннай апсідай і кароткімі крыламі трансепта. Над сяродкрыжжам купал на васьмігранным светлавым барабане, увянчаны гранёнай шатровай вежай. Галоўны заходні фасад фланкіраваны трох’яруснымі квадратнымі ў плане вежамі. Ніжнія ярусы вежаў размешчаны на ўзроўні сцен касцёла і аб’яднаны з імі агульным прафіляваным карнізам. Верхнія ярусы злучаны крывалінейным франтонам.
==== Інтэр’ер ====
Унутраная прастора касцёла перакрыта цыліндрычнымі скляпеннямі на падпружных арках. Алтар, крылы трансепта і бабінец адкрываюцца ў цэнтральную залу арачнымі праёмамі. Над уваходам — хоры на дзвюх калонах. Часткова захаваліся тры стукавыя надмагіллі роду Коцелаў. У сутарэннях касцёла былі сямейныя склепы Коцелаў і Швыкоўскіх.
=== Агароджа ===
Па восі касцёла размешчана брама, якая ўваходзіла ў мураваную агароджу (часткова захавалася з заходняга боку.). Уяўляе сабой кампазіцыю з чатырох слупоў з закругленымі вугламі. Сярэднія слупы звязаны крывалінейным франтонам, ствараюць цэнтральны праезд. Бакавыя часткі брамы глухія, крапаваны плоскімі арачнымі нішамі крывалінейнага абрысу.
== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).