
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — каталіцкі храм у Лыскаве Пружанскага раёна, збудаваны ў XVIII стагоддзі. Помнік архітэктуры позняга барока.
== Мінуўшчына ==
У 1527 годзе ваявода віцебскі і староста жмудскі Мацей Клочка заснаваў у Лыскаве драўляны касцёл, перададзены Янам Быхаўцам у 1751 годзе манахам-місіянерам. У 1763—1785 гг. яны збудавалі на гэтым месцы мураваны Троіцкі касцёл у стылі віленскага барока. У 1818 да яго прыбудавана вежа. У 1841 касцёл стаў парафіяльным.
У 1866 ў сувязі з падзеямі паўстання 1863 года перабудаваны ў праваслаўную царкву і набыў рысы класіцызму (архітэктар Ф. Афанасьеў). 22 ліпеня 1880 ад маланкі згарэў гонтавы дах, засталася толькі мураваная частка. У 1883—84 гг. архітэктар П. І. Залатароў правёў рэстаўрацыю: зрабіў новыя скляпенні, замяніў кроквенныя канструкцыі даху і пакрыццё.
У 1921, за польскім часам, касцёл вернуты каталікам.
У 50-я гады XX стагоддзя моцна разбураны. У 1960 афіцыйна зачынены, царкоўнае начынне перавезена ў ружанскі касцёл.
Ля касцёла знаходзіцца магіла польскага паэта і драматурга Францішка Карпінскага.
== Архітэктура ==
Стылістыка, час збудавання і рэгіён дазваляюць меркаваць, што ва ўзвядзенні касцёла прыняў удзел прыдворны архітэктар А. Сапегі Ян Самуэль Бекер, майстар барочнага класіцызму.
Будынак касцёла складаецца з высокага прамавугольнага нефа, алтарнай апсіды і бакавых капліц, перакрытых крыжовымі скляпеннямі, амаль квадратных у плане. Бакавыя крылы трансепта і сакрысцій маюць крыжовыя скляпенні.
Вежа на галоўным фасадзе чатырох’ярусная; не мае ў плане ніводнай прамой лініі; магутнымі падугамі адыходзіць ад фасаднай сцяны. Куты вежы ўмацаваныя слаістымі пілястрамі ў спалучэнні з паўкалонамі і падпорнымі элементамі ў выглядзе валют. Антаблемент падзяляе яе на высокую ніжнюю частку і верхнія ярусы тэлескапічнай будовы.
Над уваходам у храм размешчаныя вузкія арганныя хоры. Асноўнае памяшканне касцёла зальнае. Інтэр’ер аформлены пілястрамі іанічнага і кампазіцыйнага ордара, паміж якімі невялікія аркі, над якімі прамавугольныя вокны. Калоны размаляваныя пад мармур. У інтэр’еры паўночнай капліцы ўцалелі фрагменты манахромнага роспісу ў тэхніцы грызайль.
== Святары касцёла ==
Юзаф Крапіўніцкі (1908—1909)
Ота Сідаровіч (1919—?)
Чэслаў Кардэль (1927—1933)
Казімір Валенціновіч (1934—1935?)
Францішак Матэльскі (1936—1937)
Гераніум Фейч (1936)
Генрык Запёт (1936—1937)
Станіслаў Перзхала (1937)
Ян Ірвуць (1938—1939?)
Алаізі Зелязнік (1939)
Міхаіл Варанецкі (1945—1946?)
== Літаратура ==
Габрусь Тамара Віктараўна. Мураваныя харалы: сакральная архітэктура беларускага барока. — Мн.: Ураджай, 2001. — 287 с. — ISBN 985-04-0499-Х.
В.В. Алисейчик. 1597. Монастырь миссионеров // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область / Редкол.: С. В. Марцелев (гл. ред.) и др.. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 424 с. — 25 000 экз. — ISBN 5-85700-017-3.