Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — каталіцкі храм у цэнтры вёскі Войстам Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці.
== Гісторыя ==
Звесткі пра першы касцёл адносяцца да 1440 года. Галоўным фундатарам войстамскай плябаніі лічыўся Стэфан Андрушкавіч-Ядоўгавіч, які, не маючы нашчадкаў, у 1491 годзе надзяліў касцёл зямлёю, халопамі і вёскамі. Потым фундуш памножылі Адам Андрушкавіч, Анджэй Ядоўгавіч, Мацей Андрушка. У сярэдзіне XVI ст. пры касцёле дзейнічала альтарыя.
У 16 стагоддзі стаў кальвінскім зборам (па іншых звестках — толькі страціў на карысць рэфарматараў частку зямельных уладанняў). Але з другой паловы XVII ст. у Войстаме зноў адзначаецца дзеючы касцёл.
Старажытная святыня была знішчана падчас нашэсця Масковіі ў 1654-61 гадах. Адбудаваны храм у 1674 быў кансэкраваны біскупам Мікалаем Слупскім, суфраганам віленскім, цяпер ужо пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы. У XVIII ст. тут дзейнічала езуіцкая місія ад калегіума ў Жодзішках.
Апошні драўляны храм, узведзены ў цэнтры мястэчка ў 1744-45 гадах, — гэта была дзвюхвежавая трохнававая базіліка з трансептам, інтэр’ер якой упрыгожвалі 10 алтароў. Трох’ярусныя чацверыковыя вежы ўвенчваліся барокавымі купаламі, уваход на касцёльную тэрыторыю, абгароджаную бутавым мурам, пазначала трох’ярусная магутная брама-званіца. Кансэкраваў святыню ў 1851 віленскі біскуп Вацлаў Жылінскі. Пры касцёле дзейнічалі школка для дзяцей і шпіталь, як прытулак для старых.
Драўляны касцёл згарэў падчас Першай сусветнай вайны. Функцыю парафіяльнай святыні ўзяла на сябе часовая драўляная капліца, пастаўленая ў заходняй частцы касцёльнага ўчастка, а ў 1927 годзе пачалі ўзводзіць велічны касцёл у стылі мадэрн з вонкавай цэглы на высокім цокалі з бутавага каменю. Але хуткае будаўніцтва было не пад сілу невялікай парафіі, а потым Другая сусветная вайна і наступныя за ёй дзесяцігоддзі атэізму так і не далі завяршыць пачатае. Толькі ў 1980-я гады, калі святыню вярнулі парафіянам, будаўніцтва прадоўжылася. Аднак храм атрымаўся не такі, якім ён быў задуманы архітэктарамі. Галоўны фасад так і не скончаны і, хутчэй, нагадвае часовае рашэнне. У дадатак, у 1991 годзе ў святыні адбыўся пажар, які знішчыў завяршэнне галоўнага фасада — дзвюх’ярусную шатровую вежачку, фланкаваную рызалітамі са ступеньчатымі атыкамі.
На касцёльным двары ў 2010-м годзе ўсталяваны памятныя камяні ў гонар 600-годдзя Грунвальдскай бітвы, а таксама ў гонар 570-годдзя існавання Войстамской парафіі. За будынкам храма знаходзіцца памятны крыж ахвярам фашызму і камунізму.
Адпуст: урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы.
Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.
== Архітэктура ==
Касцёл уяўляе сабою выцягнуты прамавугольны ў плане аб’ём малітоўнай залы, узняты на высокі бутавы цокаль і накрыты 2-схільным бляшаным дахам з вальмай над алтарнай часткай, аддзелены ад пяціграннага прэсбітэрыя трансептам са ступеньчатымі франтонамі на тарцах. Прэсбітэрый фланкаваны дзвюма сакрыстыямі на ўзроўні цокаля. Галоўны фасад вылучаны трох’яруснай вежач