
Касцёл Перамянення Гасподняга — каталіцкі храм у вёсцы Ваверцы Лідскага раёна.
Гісторыя
Першы драўляны касцёл у Ваверцы быў пабудаваны ў 1413 годзе па фундацыі пана Міхала Галгіновіча і першапачаткова асвечаны пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы (гэта першае гістарычнае ўзгадванне вёскі ў пісьмовых крыніцах). У 1500 годзе тут вядомыя ўжо дзве парафіі — у Вялікай (Старой) і Малой Вавёрках. Пасля Галгіновічаў вёскай уладарыў Мікалай Юндзіловіч, з 1522 г. — Косцевічы, потым Галеўскія. У 1570 Вавёрка атрымала статус мястэчка Лідскага павета. У сярэдзіне XVІ ст. пры касцёле ў Вялікай Вавёрцы дзейнічалі тры альтарыі. Пры гэтым парафія ў Вялікай Вавёрцы лічылася адной з самых багатых у Віленскай дыяцэзіі, а парафія ў Малой — «убогай». У 1568 г. парафія была пераведзена ў кальвінізм, але з 1648 года, дзякуючы езуітам, якія заснавалі тут сваю місію, зноў стала каталіцкай. Адроджаная святыня была пераасвечана пад тытулам Св. Фрашцішкі. З гэтага часу ў гістарычных дакументах знікаюць звесткі аб парафіі ў Малой Вавёрцы. І мястэчка, і касцёл былі знішчаны падчас вайны 1654-67 гадоў з Масковіяй.
Вавёрская парафія прымала актыўны ўдзел у паўстанні 1863 года. Пробашч касцёла кс. Раймунд Зямацкі па загадзе М. Мураўёва «за прачытанне маніфесту паўстанцаў» быў расстраляны ў Вільні 5 чэрвеня (24 мая па старым стылі) 1863 года.
Да парафіі з XVIII ст. прыпісвалася капліца ў Дылеве, да 1864 г. — капліцы ў Лебедзе, Місевічах, Паперні і Радзівонішках. Да ўтварэння самастойнай парафіі ў Пелясе ў 1917 годзе, да вавёрскай парафіі далучалася яшчэ капліца ў гэтай мясцовасці, а таксама капліца ў Станкевічах.
Пад час Першай сусветнай вайны касцёл быў панішчаны і не ў значнай меры абрабаваны.
У 1920 годзе касцёл адрамантавалі і размалявалі[1]. Пазней касцёл быў пашыраны, для чаго былі разабраны дзве сцяны і перабудаваны пад кіраўніцтвам майстра Б’пкі з Вільні[1]. Велічны касцёл у стылі неабарока, які дзейнічае і сёння, у 1928 годзе ўвабраў у сябе аб’ём папярэдняй святыні, якая цяпер стала правай бакавой навай. Пры гэтым касцёл атрымаў новы тытул — Перамянення Гасподняга. Урачыстае асвячэнне святыні правёў 13 лістапада 1928 лідскі дэкан кс. Іпаліт Баярунец. Але будаўніцтва святыні працягвалася. У 1929 пабудаваны арганныя хоры, у 1932 скончаны вежы і драўляная столь (паводле праекта інжынера Бароўскага). Арган на 15 галасоў на хорах усталявалі ў 1936 годзе. Перад Другой сусветнай вайной колькасць парафіян складала амаль 9000 асоб.
У савецкі час вернікі збіраліся ў святыні нават калі парафія была без сталага пробашча. У 1998—2000 гады пабудаваны новы мураваны будынак плябаніі і парафіяльнага цэнтра.
Да пачатку XIX ст. вавёрская парафія ўваходзіла ў склад Лідскага дэканата, пасля — у Радунскі дэканат, а ў часы польскай улады — у Васілішскі. Сёння зноў знаходзіцца ў Лідскім дэканаце.
Архітэктура
Будынак уяўляе сабой дзвюхвежавую трохнефную базіліку з прамавугольнай у плане апсідай, якую фланкуюць дзве невялікія сакрысціі, і трансептам, крылы якога ўтвараюць пяцігранныя ў плане капліцы. Галоўны фасад, завершаны маленькім неабарочным франтонам, фланкаваны дзвюма пяціяруснымі (апошні ярус пяцігранны, ніжэйшыя — чацверыковыя) вежамі-званіцамі, увенчанымі фігурнымі неабарочнымі купаламі з глаўкамі. Фігурны неабарочны франтон завяршае і сцяну цэнтральнай навы.
У касцёле знаходзяцца дзве сакрыстыі, старая (яшчэ ад папярэдняга касцёла) і новая[1].
Касцёл абгароджаны мурам з каменя, а ад паўднёвага боку з цэглы[1].
Інтэр’ер
Столь драўляная, была выканана паводле праекта інжынера Бароўскага ў 1930 годзе[1].
Зноскі
Літаратура
- Харэўскі, С. В. Культавае дойлідства Заходняй Беларусі 1915—1940 гг. — Вільня: ЕГУ, 2008. ISBN 978-9955-77-13-9, с. 41.