Касцёл Сэрца Ісуса і Найсвяцейшай Дзевы Марыі — колішні каталіцкі храм у в. Воўкавічы Мінскага раёна.
== Гісторыя ==
У 1784 г. каталіцкая капліца ў в. Воўчкавічы на левым беразе ракі Пціч згадваецца як ужо дзейная ад менскай кафедры. У 1806 г. парафіяне разабралі старую святыню і на сродкі Марцыяны Іваноўскай, уладальніцы маёнтка, пабудавалі новую, таксама драўляную капліцу, а тэрыторыю вакол яе абгарадзілі пад невялікія могілкі. 29 ліпеня 1810 г. будынак быў асвечаны як філіяльны касцёл пад тытулам Нараджэння Божай Маці і св. Пятра Апостала.
Рамонт 1880 г. абнавіў касцёл, аднак задаволіць патрэбы парафіі, якія за гэты час павялічыліся, старая святыня ўжо не магла. Праект новага касцёла ў красавіку 1902 г. склаў вядомы грамадзянскі інжынер Генрык Гай, асноўную частку сумы на будаўніцтва ахвяраваў граф Ежы Чапскі. 9 лістапада 1904 г. касцёл пад тытулам Сэрца Езуса і Найсвяцейшай Марыі Дзевы быў асвечаны. 3 сакавіка 1906 г. парафія ў Воўчкавічах атрымала статус самастойнай. Граф Чапскі на свае сродкі пабудаваў тут плябанію, гаспадарчыя пабудовы. На той час у парафіі налічвалася 2300 чалавек.
Падчас будаўніцтва касцёла ў Воўчкавічах 13 жніўня 1903 года з-за складаных родаў ва ўзросце 36 гадоў памерла жонка Ежы Чапскага Жазэфіна. Яе пахавалі разам з дачкой Тарэзай, якая не пражыла і дня, каля касцёла. Архітэктар Генрых Гай стварыў для іх магілы накід велічнага помніка з чорнага шведскага граніту. Помнік уключаў у сябе скульптуру, а на самім надмагіллі меліся бронзавае распяцце і каваны вянок. Скульптура і бронзавыя ўпрыгожванні не захаваліся. На чорным граніце засталася толькі гравіроўка «RequemaeternamdonaeisDomine» («Вечны адпачынак дай нам, Пане»), імя майстра Прушынскага з Варшавы.
Касцёл у Воўчкавічах дзейнічаў да Другой сусветнай вайны, калі будынак быў сур’ёзна пашкоджаны. У 1950-я гг. руіны святыні ўзарвалі. Сёння пасярод старых могілак узвышаецца толькі пагорак з рэшткамі падмуркаў. У 1990-я гады на месцы касцёла быў усталяваны вялікі металічны крыж.
Капліцы, якія існавалі ў ваколіцах Воўчкавічаў (у Гарадзішчы, Прылуках, Сенніцы і Скарынічах), не захаваліся.
== Архітэктура ==
Касцёл пабудаваны з чырвонай ліцавой цэглы ў стылі неаготыкі, прыгожы па прапорцыях, касцёл у Воўчкавічах уяўляў сабой асіметрычны залавы аб’ём з невялікім трансептам, 5-граннай апсідай, фланкаванай сакрысціяй і капліцай. Пакрытая чарапічным дахам кампазіцыя святыні завяршалася высокай вежай-званіцай, размешчанай налева ад падоўжнай восі касцёла. Тры алтары — галоўны і бакавыя ў крылах трансепта, — а таксама фігуры Езуса, Марыі і Язэпа ў іх былі зробленыя з пясчаніку, менсы, а ступені да алтароў — з мармуру. Інтэр’ер святыні асвятляўся праз вітражы ў стральчатых вокнах; падлога — з цэментных плітак; амбона, лаўкі, балюстрада хораў — дубовыя.
== Зноскі ==