
Касцё́л Свято́га Аляксе́я — мураваны каталіцкі храм у аграгарадку Сяльцы Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці, помнік архітэктуры неагатычнага стылю. Размешчаны ў цэнтры паселішча, на былой гандлёвай плошчы. Аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.
== Гісторыя ==
Каталіцкі прыход у Сяльцы вядомы з 1471 года, на той час тут існаваў драўляны касцёл Святога Лаўрэнція. У 1519 годзе Бона Сфорца пабудавала і абсталявала ў мястэчку новы храм.
Станам на 1744 год, парафія адносілася да Шарашоўскага дэканата, у 1797 годзе знаходзілася ў складзе Пружанскага дэканата Луцка-Берасцейскай дыяцэзіі, налічвала 1634 вернікаў.
У 1860 годзе прыход храма складаў 1998 католікаў. Пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў расійскія ўлады зачынілі касцёл і перавялі прыхаджан у праваслаўе, тагачасны ксёндз Байкоўскі ў сувязі з «палітычнай нядобранадзейнасцю» быў высланы ў Пермскую губерню. Неўзабаве стары будынак храма знеслі і ўзвялі на яго месцы праваслаўную Успенскую царкву. На той час нешматлікая каталіцкая грамада праводзіла набажэнствы ў могілкавай капліцы Святога Лаўрэнція.
Доўгі час вернікі не маглі атрымаць дазвол на будаўніцтва новага храма і ў выніку звярнуліся да Мікалая II, які ўхваліў прапанову. Праект, распрацаваны архітэктарам Вільгельмам Срокам, быў зацверджаны 16 лютага 1906 года Іванам Плотнікавым.
Узвядзенне пачалося ў 1908 годзе і вялося на сродкі вернікаў і ахвяраванні мясцовых шляхціцаў. Газета «Наша ніва» ў 1912 годзе паведамляла пра касцёл наступнае: «У самым мястэчку Сяльцы есць дзьве царквы (адна новая і адна старая, уніяцкая) і будуецца цяпер пекны касцёл у стылю готыка – раманскім; …Будуе гэты касцёл малады ксёндз, Р., шчыры беларус». Будаўніцтва скончылася ў тым жа годзе, новы храм быў асвячоны ў гонар царэвіча Аляксея — сына Мікалая II.
У 2007 годзе будына