Касцёл Святога Андрэя Апостала — рымска-каталіцкі касцёл у аграгарадку Нарач (Кабыльнік) Мядзельскага раёна, Мінскай вобласці, помнік неаготыкі. Належыць да Будслаўскага дэканата Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Пры касцёле дзейнічае місія кармелітаў босых(руск.) бел..
== Гісторыя ==
=== Гісторыя парафіі і драўлянага касцёла ===
Паводле Курчэўскага, князі Свірскія ў 1463 годзе здзейснілі фундацыю на касцёл у Кабыльніках: надалі адну траціну жыхароў, шмат вёсак і засценкаў, азёр і рэк. Паводле Пжылагоўскага, у 1464 годзе князі Свірскія збудавалі ў сваім маёнтку драўляны касцёл у гонар святога Андрэя Апостала. Ксяндзу для ўтрымання касцёла і на ўласныя патрэбы падаравалі 9 азёр і адну раку, яйкі, масла, сыр і інш.
У зборніку старажытных грамат пад назвай «Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej = Codex diplomaticus ecclesiae cathedralis necnon Dioeceseos Vilnensis». — T. 1. 1387—1507. — (Krakow, 1932) змешчаны тры граматы адносна касцёла Св. Андрэя у Малым Мядзелі:
21 мая 1434 года — дароўная грамата вялікага князя літоўскага Жыгімонта Кейстутавіча;
20 сакавіка 1440 года — зацвярджальная грамата вялікага князя адносна рэктара касцёла Марцiна Дабрылоўскага;
22 чэрвеня 1463 года — дароўная грамата Андрэя Пецькавіча, князя Свірскага, каноніка віленскага і плябана ў Варнянах.Аднак у каментарыях да гэтых грамат, складальнікі зборніка адзначалі, што яны фальсіфікаты. Таму пытанне пра дакладную дату заснавання касцёла застаецца адкрытым.
Паводле «Падымных рэестраў Віленскага ваяводства за 1690 год», Кабыльніцкая парафія ў 1667 годзе налічвала 26 1/6 дымоў, а ў 1690 годзе — 369 дымоў. Кабыленская парафія ахоплівала значную колькасць навакольных абшараў: Занарач, ашмянскай падкамаранкі вяльможнай пані Данілевічавай; Казінец, гродзенскага чэсніка пана Фларыяна Урбановіча; Памошша, пана Байкоўскага; Кузьмічы, пані Кацярыны Ракіцкай; Чэцьверць, пана Міхала Свірскага; Варанец, таксама пана Свірскага; Ёдуці Лабініе (напэўна, Бледне), арандаваў пан Міхал Свірскі; Чэцьверць, пана Яна Казіміра Калантая (альбо Калумдая); Рудашаны, пана Казіміра Свірскага; Ленеўшчызну, пана Канстантына Піскуна Варанецкага; Ёдуці (Ёдупу) пана Юрыя Лапы; Сямёнаўшчызну пана Станіслава Шышлы; Ніўе (Нухве) пана Марціна з толыхва (?) з братам; Чэцьверць Радзівілаўскі пана Юр’я Двароўскага (альбо Тваркоўскага); Рудашаны пана Юрыя Івашкевіча; надзел айца Эмануэля Ламановіча, прасбітара царквы занарацкай і вузлянскай; Сямёнаўшчызну, паноў Станіслава і Барталамея Шышлаў; Барклаўшчызну, пана Гедройця; Даўцюны, пана Тызенгаўза; Кабыльнікі і Камароўшчызну, пана Агінскага; Кабыльнікі, пана падскарбія ВКЛ; Крывец, пана Урбановіча; Касялоўшчызну, пана Юшкевіча; Казінец, пана Сулістроўскага; кабыленскую плябанію. У 1690 годзе кабыленскай плябаніі належыла 11 дымоў.
У 1746 годзе касцёл быў рэканструяваны на сродкі Марціна Аскеркі, кашталяніча навагрудскага. У гэтыя часы касцёл апісваюць як святыню «немалых памераў», інтэр’ер якой упрыгожвалі 6 алтароў. Пасля пажару 1862 г., касцёл аднаўляецца «коштам плябана Людвіга Мініцкага і Тытуса Свентаржэцкага». У святыні былі 3 алтары, у галоўным з якіх знаходзіўся абраз Маці Божай з Дзіцяткам Ісусам у срэбнай шаце з пазалочанымі элементамі.
Паводле звестак «Памятнай кніжкі Віленскай губерні» за розныя гады адміністратарам Кабыленскага касцёлу быў Уладзіслаў Руткоўскі, а ў 1872 годзе адміністратарам касцёла 4 кл. ў Кабыльніку быў Станіслаў Сульжынскі. У 1874 годзе ўжо настаяцелем Кабыленскай парафіі быў Іосіф Бержанскі; у 1881 годзе — Антоній Грэковіч; у 1886 годзе — Міхал Ардынскі.
У 1896 годзе драўляны касцёл згарэў.
=== Мураваны касцёл ===
1897 г., 2 верасня — побач з месцам, дзе знаходзіўся будынак старога касцёла, быў закладзены падмурак новай мураванай святыні. Галоўны арганізатар будоўлі — ксёндз Ігнат Расалоўскі. Фундатары — мясцовыя парафіяне. Паводле ўспамінаў Альбіны Маліноўскай з Малой Сырмежы, чырвоную цэглу прывозілі з Паставаў, лес для будаўніцтва даў пан Скірмунт з Шэметава. Захаваўся абразок з запісам на адвароце, што Ян Койра ахвяраваў 5 долараў на цэглу для храму.
9 верасня 1901 г. будаўніцтва храма было скончана, а сам касцёл быў асвечаны. 9 лістапада 1903 года Папам Рымскім Піем Х ардынатарам Віленскай дыяцэзіі быў прызначаны біскуп Эдвард Роп. 13 чэрвеня 1904 г. яго ўрачыста інтранізавалі ў кафедральным саборы св. Станіслава ў Вільні. Першай візітацыяй падчас яго дзейнасці стала паездка ў Кабыльнік і асвячэнне новага будынка касцёла. 25 ліпеня 1904 года храм быў ім кансекраваны(руск.) бел..
У 1907 годзе пробашчам касцёлу па-ранейшаму быў Iгнацый Расалоўскi. У 1908—1913 гг. пробашчам касцёла і вікарыем у Кабыльніцкім касцёле быў ксёндз Адам Плескачэўскі, а ў 1915 годзе — Ян Сілевіч.
Пра касцёл у гады Першай сусветнай вайны ўзгадваецца ва ўспамінах местачковага жыхара Маліноўскага:«Спачатку ў 1915 годзе немцы жылі ў касцёле, дзе палілі печкі. Затым касцёл пачаў дзейнічаць па прызначэнні. Адзін раз у тыдзень маліліся ў касцёле цывільныя, нашыя людзі, з 11 гадзін немцы каталіцкай, а пазней лютэранскай веры… 16 сакавіка 1916 года ля касцёлу з боку могілак упалі дзве бомбы. Усё шкло ў касцёле выпала, параніла людзей».Пры Польшчы ў храме працавалі арганісты. Пражывалі арганісты ў двухкватэрным драўляным доме па вуліцы Першамайскай (зараз дом № 58). У 1919—1925 гг. арганістам у касцёле працаваў Ігнаці Антонавіч Кучынскі. У 1930 годзе ў мястэчка прыехаў арганіст Браніслаў Казімірав