Шыфр : 412Г000063
Архітэктурны стыль : барока
Датаванне : 1770
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Касцёл_Святога_Яна_Хрысціцеля_і_кляштар_францысканцаў_(Гальшаны)

Касцёл Святога Яна Хрысціцеля і кляштар францысканцаў — каталіцкая святыня ў в. Гальшаны (Ашмянскі раён). Уключае мураваныя касцёл і жылы корпус. Помнік дойлідства XVI—XVIII стст.

== Гісторыя ==
У 1618 годзе Павел Стэфан Сапега запрасіў манахаў-францысканцаў у свой радавы маёнтак Гальшаны і заснаваў там францысканскі манастыр. Першы будынак касцёла пабудаваны ў пачатку XVI ст., перабудаваны пад кальвінскі збор у сярэдзіне XVI ст. У 1618 г. на сродкі Паўла Сапегі касцёл зноў перабудаваны, узведзены жылы корпус кляштара.

У пачатку 1770-х гадоў (верагодна, у 1774 г.) будынак касцёла быў разабраны амаль да муроў і на яго месцы з выкарыстаннем падмуркаў і часткі сцен пабудаваны новы, які захаваўся да нашага часу.
Пасля паўстання 1830 года многія каталіцкія кляштары былі зачынены, францысканскі кляштар у Гальшанах быў зачынены ўказам ад 19 ліпеня 1832 года, жылы будынак перададзены ваеннаму ведамству. Касцёл Яна Хрысціцеля стала звычайнай прыхадской.
Пасля 1944 года храм прыйшоў у заняпад, але быў рэканструяваны і працягвае заставацца дзеючым каталіцкім храмам.

== Архітэктура ==

=== Касцёл ===

Касцёл уяўляе сабой прамавугольны ў плане трохкупальны храм з паўкруглай апсідай і капліцамі па баках. Галоўны фасад і апсідная частка маюць рысы стылю барока — фігурны франтон, раскрапоўка пілястрамі, валюты.
Вертыкальнае чляненне галоўнага фасада пілястрамі на тры часткі адпавядае падзелу ўнутранай прасторы на тры нефы. Цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі і папружнымі аркамі, бакавыя нефы маюць крыжовыя скляпенні. Эмацыянальны акцэнт інтэр’ера касцёла — жывапіс на сцяне трох’яруснага галоўнага алтара, выкананага ў 1790-х гадах. У першым ярусе паміж архітэктурнымі кулісамі размешчаная дзвюхфігурная кампазіцыя «Хрышчэнне». Другі ярус уяўляе сабой надкартушную прастору з выявамі анёлаў. На атыку намаляваная фігура пішучага Яна Евангеліста з яго сімвалам — арлом. У трэцім ярусе адлюстраваная падкупальная прастора, запоўненая святлом блакітнага неба, у якім два анёлы нясуць у руках герб. Акрамя галоўнага, у касцёле было сем бакавых алтароў.

У адной з бакавых капліц іх знаходзілася надмагілле Паўла Сапегі і яго трох жонак — трох’ярусная кампазіцыя ў стылі рэнесансу, які цяпер захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі.

=== Кляштар ===

Жылы корпус кляштара двухпавярховы, прамавугольны ў плане, прымыкае да будынку касцёлу з паўночнага захаду. Першапачаткова па перыметры ўнутранага дворыку (клуатра) ішла мураваная галерэя, частка якой (разбурана ў 1832 г.) злучала касцёл з жылым корпусам (рэшткі галерэі ў месцы прымыкання да касцёлу выяўленыя аўтарам праекту рэстаўрацыі касцёлу В. С. Маскалёвым). Да паўночнага вугла жылога корпуса прымыкае шасцігранная вежа (у час археалагічных даследванняў на чале з А. Кушнярэвічам выяўлены фундамент другой такой жа вежы з процілеглага боку). У першым паверсе будынку размяшчаліся кухня, кладоўкі, васкоўня, трапезная, у другім — келлі і бібліятэка. Планіроўка захавалася часткова.

=== Званіца ===
Мураваная квадратная ў плане званіца пабудаваная ў 1810-я гады, мела тры званы, завяршалася жалезным крыжам. Тэрыторыя кляштара абнесеная мураванай агароджай.

== Легенда пра Белую панну ==
З касцёлам Яна Хрысціцеля звязана легенда пра прывід Белай панны, аналагічная многіх легендам пра Белую панну, якія існуюць у розных краінах Еўропы. Нібыта будаўнікі не паспявалі скончыць храм да прызначанага тэрміна, і ўгневаны Сапега прыстрашыў пакараць смерцю іх у выпадку затрымкі. Будаўнікі вырашылі, што ім перашкаджаюць чорныя сілы і прынеслі ў ахвяру маладую дзяўчыну, замураваўшы яе ў сцяну жыўцом. З тых часоў нібы ў сценах кляштара і царквы перыядычна з’яўляецца яе прывід.

== Зноскі ==

== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 246-247.

Шыфр : 412Г000063
Архітэктурны стыль : барока
Датаванне : 1770
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Касцёл_Святога_Яна_Хрысціцеля_і_кляштар_францысканцаў_(Гальшаны)
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты