Касцёл Святога Яна Хрысціцеля — каталіцкі храм у в. Беняконі (Воранаўскі раён). Помнік эклектычнай архітэктуры з рысамі неабарока і неакласіцызму. Пабудаваны ў 1900—1906 гг. з цэглы.
== Гісторыя ==
Касцёл пад тытулам св. Яна Хрысціцеля быў заснаваны тут па фундацыі тагачаснага ўладальніка вёскі графа Яна Сымонавіча Чаплінскага ад 16 жніўня 1634 года і пабудаваны з дрэва. Адначасова з касцёлам граф перадаў касцёлу фальварак Хадкішкі і в. Перагані для ўтрымання там шпіталя на 16 чалавек, а ў 1638 годзе зафундаваў яшчэ і парафіяльны шпіталь.
У 1737 быў скончаны касцёл (гл. Стары Касцёл Святога Яна Хрысціцеля, Беняконі)
Да 1808 да беняконскай парафіі належала капліца ў Канвелішках, пакуль там не ўтварылася самастойная парафія. У ХІХ ст. як прыпісная ўзгадваецца і філія ў Бутрыманцах (сёння парафія ў Літве), а колькасць парафіян складала амаль 5000 вернікаў.
На пачатку ХХ ст. у Беняконях вырашылі пабудаваць новы, ужо каменны, велічны касцёл. Святыню пачалі ўзводзіць у 1900 годзе на гістарычным месцы. Будаўніцтва скончылася ў 1902 годзе. Аб гэтым сведчыць пліта з датай МСМІІ, усталяваная на апсідзе храма.
У 1925 годзе Беняконі сталі цэнтрам аднайменнага дэканата Віленскай архідыяцэзіі. Да Другой сусветнай вайны Беняконскі дэканат складаўся з 11 парафій: Беняконі, Воранава, Осава, Германішкі і Канвелішкі, якія сёння знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, а таксама Бутрыманцы, Вялікія Салечнікі, Малыя Салечнікі, Падбор’е і Дзевянішкі (цяпер тэрыторыя Літвы), а таксама парафія Геранёны (сёння Іўеўскі дэканат). Колькасць вернікаў у беняконскай парафіі перавышала ў той час 6500 чалавек.
8 чэрвеня 1951 года ксёндз дзекан Дамінік Гайліюш быў арыштаваны і асуджаны на 25 гадоў катаргі, памёр у Іркуцку ў 1953 годзе і там пахаваны, у Беняконях зроблена сімвалічнае надмагілле. На працягу наступнага дзесяцігоддзя да мясцовых вернікаў прыязджаў кс. Апалінарый Зубелевіч з Канвелішкаў, былы вікарый бняконскай парафіі. Але ў 1961 улады ўсё ж зачынілі касцёл у Беняконях, зрабіўшы ў будынку сховішча паліва. Нягледзячы на гэта, касцёл атрымаў статус помніка архітэктуры. У будынку плябаніі была змешчана школа-інтэрнат, а пасля псіхіятрычная бальніца.
Пасля доўгага змаганне за вяртанне святыні, 10 снежня 1988 года вернікі атрымалі ключы ад касцёла. Адразу распачалася рэстаўрацыя храма. 21 снежня 1988 адбылося першае набажэнства. У 1989-94 беняконскай парафіяй апекаваліся ксяндзы палаціны.
== Архітэктура ==
Двухвежавая трохнефавая базіліка з трансептам, роўным па вышыні цэнтральнаму нефу, які мае паўцыркульнае алтарнае завяршэнне. Бакавыя нефы больш нізкія, з боку галоўнага фасада завершаны магутнымі трох’яруснымі вежамі-званіцамі, а па баках алтара — прамавугольнымі сакрысціямі. Паўцыркульная алтарная частка касцёла абкружана больш нізкай прыбудовай, што надае ёй арыгінальнае ступеньчатае вырашэнне. Цэнтральны неф і трансепт накрыты ўзаемна перпендыкулярнымі двухсхільнымі дахамі, з трохвугольнымі франтонамі на тарцах, бакавыя нефы — аднасхільнымі дахамі. Над алтарнай часткай дах конусападобны, над вежамі шпілі. Аконныя праёмы прамавугольныя, з паўцыркульнымі імпастамі. Верхні ярус алтара асветлены вялікімі люнетамі. Сцены аздоблены плоскімі і руставанымі пілястрамі, філёнгавымі нішамі, сандрыкамі і інш., завершаны развітымі багата прафіляванымі антаблементамі.
=== Інтэр’ер ===
Інтэр’ер асветлены двума ярусамі вокнаў. Цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, бакавыя нефы — крыжовымі скляпеннямі. Інтэр’ер упрыгожаны мастаком К. Квяткоўскім у стылі «другога ракако» (неаракако) арнаментальнай ляпнінай, картушамі, размалёўкай.
Выкарыстаны цікавы прыём асвятлення верхняга яруса галоўнага алтара шэрагам круглых вокнаў-люнетаў у конхавым скляпенні. У інтэр’еры тры двух’ярусныя алтары: галоўны прысвечаны патрону касцёла св. Яну Хрысціцелю, левы — Божай міласэрнасці (у другім ярусе знаходзіцца абраз Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса), правы — Маці Божай Шкаплернай.
== Пахаванні ==
Каля сцен касцёла пахаванні членаў сям’і Путкамераў — уладальнікаў навакольных земляў. Тут пахавана Марыля Верашчака, каханая Адама Міцкевіча.
== Літаратура ==
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].