Шыфр : 412Г000339
Архітэктурны стыль : неаготыка
Датаванне : 1905
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Касцёл_Святога_Міхаіла_Арханёла_(Белагруда)

Касцёл Святога Міхаіла Арханёла — каталіцкі храм у вёсцы Белагруда Лідскага раёна Гродзенскай вобласці. Размешчаны ў паўночна-заходняй частцы вёскі, на высокім беразе р. Дзітва. Пабудаваны ў 1900—05 г. з цэглы на месцы драўлянага храма. Дзейнічае.

== Гісторыя ==
Касцёл пад тытулам св. Міхала Арханёла быў заснаваны тут у 1609 годзе па фундацыі віцебскага ваяводы Яна Завішы пасля яго навяртання з кальвінізму. Драўляную святыню пабудавалі на маляўнічым пагорку на левым беразе ракі Дзітвы. З часам вакол касцёла ўтварыліся могілкі.

Апошні драўляны касцёл быў пабудаваны ў 1703 годзе у стылі барока на сродкі шляхціча Шэмета, дзедзіца Дзітвы. Уваход на касцёльны ўчастак, абнесены бутавай агароджай, пазначала трохпралётная каменная брама, над якой узвышалася драўляная двух’ярусная чацверыковая вежа-званіца.

Драўляныя храмы змянялі адзін аднаго да 1902 года, калі вернікі вырашылі пабудаваць на свае сродкі каменны касцёл. Будаўніцтва пачалося ў наступным 1903 годзе і скончылася ў 1907. У 1908 годзе касцёл быў асвечаны пад гістарычным тытулам св. Міхала Арханёла.
З канца XIX ст. да белагрудскай парафіі далучалася могілкавая капліца тут жа ў Белагрудзе. У ёй у 1933 годзе быў знойдзены цікавы клад касцёльных медальёнаў-памятак, які цяпер захоўваецца капуцынамі ў Ліпнішках. Пры касцёле дзейнічала парафіяльная школа, якой да 1832 года апекаваліся лідскія піяры. У часы польскай улады да парафіі далучыліся капліцы ў Кургане і Мохавічах. У тыя гады колькасць парафіян перавышала 3600 асоб.
Раней да парафіі належалі капліцы ў Вялікім Ольжаве, Дайнове, Данеўшчыне, Дзітве Шэметаўскай, Мядзеўшчыне.
Дзейнічаў у парафіі і шпіталь, фундаваны князёўнай Радзівіл, падкаморыяй літоўскай.
Касцёл св. Міхала дзейнічаў увесь час, нават калі тагачасны пробашч кс. Стэфан Гародка быў арыштаваны і зняволены, парафіяне прыходзілі ў свой касцёл, маліліся, спявалі. З пачатку 1960-х пробашчам тут быў а. Казімір Шаняўскі. У 1970-я касцёл у Белагрудзе быў залічаны да помнікаў архітэктуры.

== Архітэктура ==

Помнік архітэктуры неараманскага стылю. Манументальны храм збудаваны з жоўтай вонкавай цэглы паводле канона трохнефавай дзвюхвежавай базілікі, з трансептам і пяціграннай апсідай, да якой прымыкае складаная сістэма аб’ёмаў сакрыстый. Галоўны фасад пад трохвугольным франтонам фланкаваны чатырох’яруснымі тэлескапічнымі вежамі-званіцамі, увенчанымі гранёнымі спічакамі з люкарнамі. Шматаб’ёмная прасторавая кампазіцыя мае дынамічнае нарастанне ад нізкіх сакрысцій, гранёнай апсіды, крылаў трансепта да яе вертыкальных дамінантаў — дзвюх вежаў з шатровымі завяршэннямі. Крылы трансепта і апсіда паніжаны да ўзроўню бакавых нефаў, усе аб’ёмы накрыты двухcхільнымі (над апсідай і сакрыстыямі з вальмамі) бляшанымі дахамі. Уваход на галоўным фасадзе вылучаны высокім парталам, акном-ружай, галерэяй. Над алтарным франтонам узведзена стромкая сігнатурка.
Цаглянай муроўкай выкананы элементы архітэктурнага дэкору: лапаткі, аркатурныя фрызы, ліштвы адзіночных і здвоеных арачных аконных праёмаў, профілі і раскрапоўкі.

=== Інтэр’ер ===

Унутраная прастора перакрыта цыліндрычнымі скляпеннямі з падпружнымі аркамі і люнетамі, упрыгожанымі фрэскавай арнаментальнай размалёўкай. Інтэр’ер, падзелены трыма парамі калон на тры навы і перакрыты сістэмай крыжастых скляпенняў на падпружных арках, упрыгожваюць пяць алтароў.
У завяршэнні нефа — манументальны шматкалонны галоўны двухярусны алтар, вырашаны накшталт курданёра ў неараманскім стылі. Першы ярус трыфорыумны. У яго цэнтры знаходзіцца абраз Маці Божай Міласэрнасці (вядомы з канца XVIII ст., памеры 130 х 86 см, лічыцца цудадзейным), упрыгожаны шматлікімі вотамі. Гэта копія выявы Багародзіцы канца XV ст. з Вастрабрамскай капліцы ў касцёле Св. Тэрэзы ў Вільні. У нішах размешчаны фігуры св. Мікалая (злева) і св. Казіміра (справа). Над першым ярусам усталяваны чатыры фігуры анёлаў і чатырохкалонны партал вакол надалтарнага акна-люкарны.
Іншыя алтары па сваёй архітэктурнай стылістыцы падобныя на галоўны. Левы бакавы алтар прысвечаны Божай міласэрнасці, правы – св. Міхалу Арханёлу (абраз мае рысы мадэрну). У капліцах, зробленых у крылах трансепта, змешчаны яшчэ два алтары: злева – св. Юзафа, справа – Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса. Унутраная прастора касцёла (асабліва скляпенні) размалявана раслінным арнаментам у стылі мадэрн.
Над уваходам на дзве калоны абапіраюцца арганныя хоры, якія асвятляе акно-ружа на галоўным фасадзе.

=== Званіца ===
За касцёлам, сярод могілак, захавалася драўляная двух’ярусная брама-званіца ад комплексу папярэдняга драўлянага храма. Яна ўяўляе сабой двух’яруснае (меншы чацвярык на большым) збудаванне пад чатырохсхільным чарапічным дахам.

== Галерэя ==

== Літаратура ==
Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. Мн., 2001. ISBN 985-11-0199-0
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.

Шыфр : 412Г000339
Архітэктурны стыль : неаготыка
Датаванне : 1905
Крыніца дадатковая : https://be.wikipedia.org/wiki/Касцёл_Святога_Міхаіла_Арханёла_(Белагруда)
Асаблівасці
Водгукі
Тут яшчэ няма водгукаў.
Пакіньце водгук
Трэба каб пакінуць водгук.
Злучанныя аб'екты