
Касцёл Святога Міхаіла — каталіцкі храм у вёсцы Гнезна (Ваўкавыскі раён). Помнік архітэктуры позняй готыкі з элементамі рэнесансу. Амаль цалкам захаваў аўтэнтычную структуру.
== Гісторыя ==
Вядома апакрыфіка аб заснаванні касцёла ў 1121 годзе, звязана яна з тым, што мястэчка Гнезна блытаюць з аднайменным старажытным горадам у Польшчы. Касцёл пабудаваны (па адной з версій, на месцы драўлянага) у першай палове XVI ст. па фундацыі тагачаснага ўладальніка Гнезна Яна Шамятовіча (Шэмета) і яго жонкі Альжбеты. У 1524 годзе пры ўжо існуючым драўляным касцёле гнезненскую парафію пад тытулам Зыходжання Святога Духа, Унебаўзяцця НПМ і святых Міхала Арханёла, Яна Хрысціцеля і Станіслава біскупа эрыгаваў (кансэкраваў у 1527) віленскі біскуп Ян.
У 1555 годзе ўладальнікам Гнезна стаў Геранім Хадкевіч, актыўны прыхільнік рэфармацыі, які разам з жонкай Ганнай з Шэметаў у другой палове XVI ст. замест касцёла пабудаваў тут кальвінскі збор. Святыню будавалі, верагодна, даволі доўга, аб чым сведчыць разнастайная тэхніка муроўкі. Пазней прыбудавалі вежу-званіцу. Да канца першай паловы XVII ст. быў дабудаваны (ці перабудаваны) трэці ярус вежы, аб чым сведчыць рэнесансны тып муроўкі. Да гатычнай архітэктуры касцёла далучыліся рысы рэнесансу — шматлікія гзымсы і гарызантальныя паясы, аркавыя вокны. У 1643 касцёл быў вернуты католікам, што пацвердзіў дэкрэт караля Уладзіслава IV ад 21 студзеня 1644 года. З таго часу ў тытуле святыні ўзгадваецца толькі св. Міхал Арханёл.
На пачатку другой паловы XVII ст. касцёл упрыгожылі тры разьбяныя паліхромныя алтары (галоўны быў асвечаны 5.9.1660). Падчас вайны 1654-67 гг. касцёл быў пашкоджаны. Паводле падання, менавіта з тых часоў у галоўным фасадзе засталося каменнае ядро і адбітак ад другога. Святыня была пашкоджана і падчас Паўночнай вайны. У 1718 годзе старыя абразы ў алтарах замянілі новымі: у цэнтры галоўнага алтара быў змешчаны абраз св. Міхала Арханёла, наверсе — св. Анёла-ахоўніка; абраз Унебаўзяцця НПМ для бакавога алтара быў ахвяраваны тагачасным спадчыннікам маёнтка Леонам Ромерам. У 1728 арандатар Гнезна Ян Трапяньскі значна перабудаваў касцёл: быў перабудаваны цокаль, выкананы шлем над вежай і сігнатурка, пераслана дашчаная падлога, былі таксама заменены 12 драўляных слупоў, якія падтрымлівалі столь і інш. Пад вежай Трапяньскі стварыў ашаляваную крыпту, як месца свайго будучага пахавання. У паўночнай частцы касцёльных могілкаў пабудавалі новую плябанію, пры гэтым, калі капалі падмуркі, натыкнуліся на крыпту даўнейшага касцёла з чатырнаццаццю пахаваннямі. У 1787 годзе да паўднёвага фасада прыбудавана сакрысція. Незвычайнасць прыбудовы — яна была дабудавана да сярэдзіны фасада, хаця тое ж самае можна было б зрабіць і бліжэй да алтара — дае падставу некаторым даследчыкам лічыць, што гэта не сакрыстыя, а бакавая крухта і, магчыма, менавіта крыпта ў даўнія часы выконвала ролю сакрыстыі, таму што слядоў першапачатковай сакрыстыі пр