
Касцёл Святога Міхаіла і манастыр цыстэрыянак — помнік архітэктуры позняга барока ў г. Мазыры.
== Гісторыя ==
Пабудаваны ў 1743—1745 гг. па фундацыі Бенядзікта Ражанскага, за 3 км на паўночны ўсход ад Мазыра, на правым беразе р. Прыпяці, у так званай «Анёльскай даліне». Уключае мураваны касцёл Святога Міхаіла і жылы корпус, абнесеныя мураванай агароджай. У 1883 г. кляштар закрыты, у 1888 г. перададзены праваслаўным, у 1893—94 гг. касцёл рэканструяваны пад царкву, прыбудаваныя драўляная званіца, бакавая мураваная галерэя і інш.
Касцёл дзейнічае, у кляштары размешчанае музычнае вучылішча. Помнік рэспубліканскага значэння.
== Архітэктура ==
=== Касцёл ===
Касцёл — аднанефны храм, накрыты высокім двухсхільным дахам з увагнутымі вальмамі над трохграннай апсідай. Мае моцную канструкцыю (таўшчыня сцен 1,5 м). Архітэктурна-пластычны акцэнт прыпадае на галоўны фасад, расчлянёны на тры часткі высокімі пілястрамі і завершаны шырокім тонкапрафіляваным карнізным поясам. Бакавыя плоскасці фасаду дэкарыраваныя трыма ярусамі фігурных і арачных ніш з конхамі ў верхнім ярусе. Фасад завершаны ступеньчатым атыкам (надбудаваны ў 1894 г.). Галоўны ўваход праз нізкі пяцігранны прытвор дэкарыраваны буйнымі кутнімі лапаткамі. Бакавыя фасады вырашаныя плоскасна, рытмічна расчлянёныя высокімі лучковымі вокнамі і шырокімі лапаткамі ў прасценках.
Прастора інтэр’еру рэканструяваная: неф падзелены на два паверхі і перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з падвойнымі папружнымі аркамі і люнетамі, апсіда — самкнутай конхай. Скляпенні былі дэкарыраваны сюжэтнай фрэскавай размалёўкай (скончана ў 1804 г., не захавалася). Сцены крапаваныя арачнымі нішамі і падвойнымі пілястрамі, апяразаны буйным тонкапрафіляваным карнізам. Апсіда раскрытая ў залу шырокім арачным прасветам.
=== Кляштар ===
Першапачаткова з касцёлам з паўночнага ўсходу злучаўся крыты бляхай і дахоўкай П-падобны ў плане трохпавярховы жылы корпус (першы паверх быў мураваны, другі і трэці — фахверкавыя ці з «прускага муру»), які ствараў унутраны двор. Захаваўся адзін прамавугольны ў плане двухпавярховы аб’ём пад двухсхільным дахам. Фасады рытмічна расчлянёныя квадратнымі і прамавугольнымі вокнамі, у прасценках — шырокімі лапаткамі. Планіроўка галерэйная з аднабаковым размяшчэннем тыпавых келляў з цыліндрычнымі скляпеністымі перакрыццямі.
== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.