
Касцё́л Свято́га Сымо́на і Свято́й Але́ны (таксама вядомы як Чырво́ны касцё́л) — каталіцкі парафіяльны касцёл у неараманскім стылі ў Мінску, пабудаваны ў 1905—1910 гг. на грошы Эдварда Адамавіча Вайніловіча (1847—1928), вядомага гаспадарчага і палітычнага дзеяча Расійскай імперыі і Беларусі, віцэ-старшыні (а з 1907 г. і старшыні) Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, у памяць аб яго заўчасна памерлых дзецях — Сямёну (Сымону) і Алене Вайніловічах. Касцёл знаходзіцца на плошчы Незалежнасці ў непасрэднай блізкасці ад Дома ўрада і з’яўляецца адным з сімвалаў Мінска. Ён атрымаў у народзе неафіцыйную назву «Чырвоны касцёл» з-за колеру дахоўкі і цэглы, з якой быў пабудаваны, і з’яўляецца вялікай святыняй, помнікам культуры і гісторыі, які абараняецца законам Рэспублікі Беларусь. Пры касцёле пахаваны сам фундатар Эдвард Адамавіч Вайніловіч.
== Перадгісторыя ==
Перад падзеламі Рэчы Паспалітай Мінск быў адным з буйнейшых каталіцкіх цэнтраў у краіне: у горадзе налічвалася 11 каталіцкіх касцёлаў і кляштараў (а ў межах Мінска пачатку XX ст., улічваючы Фарны касцёл на Траецкай гары, касцёл Святога Роха на Залатой Горцы і касцёл Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыі, — 14), 4 уніяцкія царквы і 3 кляштары і толькі 1 праваслаўны манастыр. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і ўваходжання літоўска-беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі ў 1798 г. была заснавана Мінская каталіцкая дыяцэзія (1798—1869), а былы касцёл езуітаў ператвораны ў кафедральны Марыінскі касцёл. На працягу XIX ст. большая частка каталіцкіх храмаў была зачынена, а пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў расійская ўлада яшчэ болей узмацніла палітыку русіфікацыі, адкрыцця праваслаўных цэркваў, закрыцця каталіцкіх касцёлаў і барацьбы з любымі праявамі «польскай» і польскамоўнай культуры ў «заходніх губернях» імперыі. Так, у 1869 г. была ліквідавана Мінская каталіцкая дыяцэзія, а ў горадзе застаўся толькі адзін вялікі каталіцкі Мінскай дыяцэзіі кафедральны Марыінскі касцёл, які пасля ліквідацыі панізіў свой статус і стаў толькі парафіяльным. Па-за межамі горада (на Залатагорскіх могілках) знаходзіўся толькі невялікі мураваны касцёл Святой Тройцы. Яшчэ адзін каталіцкі храм, а дакладней капліца, стаяў на Кальварыйскіх могілках, што знаходзіліся на адлегласці некалькіх кіламетраў ад Мінска.
На працягу стагоддзя колькасць жыхароў горада толькі ўзрастала. У 1897 г. у Мінску мелася болей за 90 тысяч жыхароў самых розных канфесій. Для значнай колькасці каталіцкіх вернікаў у горадзе па-ранейшаму меўся толькі адзін вялікі каталіцкі касцёл, які не мог у святочныя дні прыняць усіх жадаючых, шмат з якіх нават у люты мароз і завіруху займалі падчас набажэнстваў увесь пляц перад касцёлам аж да самага дома губернатара. Неабходнасць другога касцёла ў горадзе, спецыяльна ў кірунку да Брэсцкага вакзала, у якім горад пачаў бурна пашырацца, была відавочнай не толькі для духоўных і гарадскіх улад, але і для высокага кіраўніцтва «Паўночна-Заходняга краю», неахвотна пазіраючага на праявы каталіцкай набожнасці.
Каталіцкія вернікі ўзнялі пытанне аб дазволе расійскіх улад на будаўніцтва яшчэ аднаго касцёла. 20 чэрвеня 1897 г. у Мінскую гарадскую думу звярнуліся Ф. Віткоўскі, Ян Філіповіч-Дубовік, Ігнат Віткевіч з просьбай, у якой было запісана, што мінскі губернатар (1886—1902) Мікалай Мікалаевіч Трубяцкі(руск.) бел.: «<…> заявіў нам, просьбітам, што для таго, каб хадайніцтва аб пабудове ў Мінску рымска-каталіцкага касцёла магло мець поспех, неабходна пашукаць месца для будаўнiцтва і скласці план і каштарыс<…> Азнаёміўшыся як з гарадскімі, так і прыватнымі пляцамі, мы прышлі да пераканання, што адзінае прыдатнае месца для будаўніцтва касцёла — гэта пусты пляц гарадской зямлі, які знаходзіцца на рагу Пецярбургскай і Каломенскай вуліц і заняты пад гарадскі дрывяны склад. А таму маем гонар пакорна прасіць гарадскую думу ўвесь названы пляц аддаць пад будаўніцтва рымска-каталіцкага касцёла». 25 жніўня 1897 г. Мінская гарадская дума прыняла пастанову: «Аддаць камітэту па будаўніцтве пляц зямлі, на якім знаходзіцца дрывяны склад, у арэнду тэрмінам на 99 год па 4 капейкі за квадратную сажань». Копія гэтай пастановы была накіравана мінскім губернатарам князем Трубяцкім у Міністэрства ўнутраных спраў Расійскай імперыі ў Санкт-Пецяр