
Касцёл святой Тэрэзы Авільскай — каталіцкая святыня у горадзе Шчучыне, Гродзенская вобласць, Беларусь. Належыць да Шчучынскага дэканату Гродзенскай дыяцэзіі. Помнік архітэктуры ў стылі класіцызму.
== Гісторыя ==
Каталіцкая парафія была створана ў Шчучыне ў 1436 годзе. Калегіум піяраў тут існаваў з 1718 да 1832 года. У 1718 годзе ў Шчучыне быў заснаваны кляштар ордэна піяраў.
Сучасны будынак касцёла Святой Тэрэзы быў пабудаваны пры гэтым кляштары ў 1826-29 з цэглы па фундацыі князя Францыска-Ксаверыя Друцкага-Любецкага пры кляштары. Пасля польскага паўстання 1830 года большасць каталіцкіх кляштараў на тэрыторыі сучаснай Беларусі была зачынена, у тым ліку і кляштар у Шчучыне. Касцёл св. Тэрэзы стаў выконваць ролю парафіяльнага каталіцкага храма. У 1887 і 1892 будынак касцёла рамантаваўся.
У 1927 піяры аднавілі сваю дзейнасць (працягвалася да 2-й сусветнай вайны). У 1954 касцёл закрыты. У 1988 вернуты Каталіцкаму Касцёлу, ў 1989 годзе адрэстаўраваны. Як і раней, пры храме ў цяперашні час служаць законнікі Айцы Піяры.
== Архітэктура ==
Помнік архітэктуры класіцызму. Мае выцягнутую па падоўжнай восі крыжова-купальную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Дамінуе ў ей высокі купал на васьмерыковым барабане над сяродкрыжжам. У дэкоры фасадаў выкарыстаны дарычны ордар. Галоўны фасад вырашаны 4-калонным дарычным порцікам. Вось сіметрыі галоўнага фасада падкрэсленая ўваходным праёмам з сандрыкам, акном у фігурнай ліштве і люкарнай на франтоне. Бакавыя фасады члянёны высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі, аформленымі рустоўкай і завершанымі антаблементам.
Сцены ў інтэр’еры расчлянёны паўкалонамі і аздоблены па ўсім перыметры шырокім карнізам.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
А. М. Кулагiн. Каталiцкiя храмы Беларусi. — Мінск: 2008. ISBN 978-985-11-0395-5