
Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла — страчаны каталіцкі храм, які знаходзіўся ў цэнтры вёскі Рамні Гарадоцкага раёна, Віцебскай вобласці.
== Гісторыя ==
Пабудаваны ў 1896 годзе з дрэва на падмурку храма XVIII стагоддзя з захаваннем яго планіроўкі. Будаўніцтва вялі польскія дойліды пры ўдзеле мясцовых жыхароў. Прыхаджанамі храма былі латышы-перасяленцы, якія аселі ў ваколіцах Гарадка.
Першапачаткова вакол касцёла стаяла агароджа з бутавага каменю, за якой былі могілкі. За савецкім часам пахаванні былі разрабаваны, а ў самім касцёле знялі дах, вітражы, і ўладкавалі ў будынку калгасны склад.
У 1998 годзе будынак перадалі праваслаўнай царкве, якая пачала праводзіць аднаўленчыя працы ў храме, аднак гэтаму запярэчыла каталіцкая супольнасць, заявіўшы, што перабудовы парушаць гістарычную архітэктуру касцёла. Каталіцкая царква пагадзілася рэстаўраваць касцёл пры ўмове арганізацыі парафіі, аднак каталіцкага насельніцтва ў наваколлі няма, і ў выніку за рэканструкцыю ніхто не ўзяўся. З таго часу храм закансервавалі.
У 2007 годзе касцёл быў занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння — адзіны архітэктурны помнік у раёне.
Цалкам згарэў 17 красавіка 2019 года ў выніку неасцярожнага абыходжання з агнём пры спальванні смецця: полымя перайшло спачатку на сухую расліннасць, а потым на будынак храма, знішчыўшы большую яго частку. У адносінах да 40-гадовага вяскоўца, па віне якога загарэўся касцёл, была распачата крымінальная справа па частцы 2 артыкула 345 «Знішчэнне гісторыка-культурных каштоўнасцей або культурных каштоўнасцей па неасцярожнасці». Страты былі ацэнены ў 70 тысяч беларускіх рублёў.
== Архітэктура ==
Помнік архітэктуры эклектыкі. Пластыка і кампазіцыя касцёла — прыклад характэрнага для канца XIX стагоддзя спалучэння элементаў класіцызму з рысамі мадэрну і псеўдарускага стылю.
Будынак адносіўся да тыпу адназрубных культавых збудаванняў. Да прамавугольнага ў плане асноўнага аб’ёму з захаду прымыкаў бабінец, другі ярус якога з’яўляўся званіцай, з усходу — апсіда з 2 сакрысціямі. Да фасада далучаўся прыруб нартэкса, над вальмавым дахам якога была пастаўлена чатырохгранная шатровая званіца са спічастым шпілем.
Алтарная частка з рызніцамі складала адзіную плоскасць і стварала пры рознай вышыні аб’ёмаў і форме пакрыццяў ступеньчаты сілуэт. Крыжовы ў плане дах абмяжоўваўся на тарцах франтонамі, увянчанымі шлемападобнымі галоўкамі. Магутны карніз па ўсім перыметры будынка падтрымліваў вялікую навісь даху. Тымпаны франтонаў былі прарэзаны круглымі люкарнамі, сцены цэнтральнай часткі — спаранымі паўцыркульнымі вокнамі з разнымі ліштвамі. Касцёл быў пакрыты бляхай, ашаляваны: высокая цокальная частка, аддзеленая гарызантальнай цягай, — вертыкальна, верхняя — гарызантальна.
Цэнтральнае памяшканне ў інтэр’еры перакрывалася крыжовым скляпеннем, астатнія мелі плоскія перакрыцці. Сцены былі ўпрыгожаны роспісамі. Над нартэксам размяшчаліся антрэсолі хораў.
== Зноскі ==
== Літаратура ==
Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Віцебская вобласць. — 496 с., іл. — С. 219.
Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0. — С. 132.
Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд.. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. — С. 313—314.